узьняўшы падол, а за ёю, як ганчак за зайцам, контроль чэша. І дабеглі яны да будкі праве адначасьне.
— Паказвай запісную кніжку! — загрымеў контроль да старасты і ніяк духу перавясьці ня можа.
— Я аддам цябе пад суд! — насеўся контроль.
— А я на вас падам у суд, — спакойна адказаў стараста: — бо вы ганяліся за маёю дачкою, хацелі яе згвалціць!
Контроль вырачыў вочы, як-бы яго даўбешкаю агрэлі.
— І пабачым, каму ад гэтага будзе болей нясмачна, — казаў усё так-жа спакойна стараста: — я дзесяць сьведак пастаўлю, і кожны пацьвердзіць, чаго вы за дзяўчынаю ганяліся.
XV
Сябры скарысталі вясёлы свой настрой для розных адметных успамінаў і далі волю нястрыманаму сьмеху.
— У нас сёньня дзень не прапаў дарма, бо ў гэты дзень мы многа сьмяяліся, — зазначыў Лабановіч: — Ніцшэ вуснамі свайго Заратустры казаў:
«Той дзень, калі вы не сьмеяцёся, прападае для вас»,
— У такім разе ў нас, брат, многа прападае дзён, — ужо сур’ёзна адказаў Турсэвіч. — бывала, увосень сядзіш адзін гэты доўгі вечар. За акно зірнеш — цемень. Дождж. А кроплі ўсё плюскацяць і плюскацяць пад капяжом, як-бы там плача хто. І нейкія асобныя думкі пачынаюць валадаць табою. Замець, дружа: іменна асобныя думкі. Яны выходзяць як-бы не з твайго мозгу, а табе іх насылае нехта, каго няма, але прысутнасьць яго як-бы адчуваецца. І вось, наб’юцца ў голаву такія думкі, і бог ведае, аб чым яны не гамоняць табе! А вось як гэтыя бярозы каля хаты пачнуць шумець!.. Ведаеш, брат: чалавек, скажам, прывыкае да жывёлы. Гаспадару часта шкада разлучыцца з канём ці кароўкаю, або з сабакам не затым, што яны для яго карысны, а проста па прывычцы. Але можна прывыкнуць ня толькі да жывёлы, а і да дрэва, як я, напрыклад, прывык да гэтых двух старых бяроз, што стаяць на шляху каля хаты. І вось кажу, калі зашумяць яны сваімі голымі вецьцямі, то я чую да іх нейкую жаласьць. Мне здаецца, што яны чагось смуткуюць і аб чымсі скардзяцца,