Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

АД АЎТАРА

Апавяданьне «У палескай глушы» ёсьць нязначны адбітак жыцьця вясковае інтэлігенцыі і, галоўным чынам, вясковага настаўніцтва.

Жыцьцё гэта адносіцца к самаму пачатку 20-га веку, да часоў першае рэволюцыі 1905 году. Выхаваная пры чыста казармавых абставінах, узгадованая па катэхізісу Філарэта і нашпігованая начынкаю ў духу «веры, царя и отечества», гэта інтэлігенцыя, штучна адарваная ад жывых крыніц жыцьця, часткаю аставалася вернаю казённым прынцыпам, часткаю, ня бачачы прасьветліны, апускалася на дно і зацягвалася балотам. Болей-жа дзейная і жывая частка яе імкнулася зьліцца з гэтымі крыніцамі і вобмацкам шукала дарог, каб пазнаць «корань рэчаў».

«У палескай глушы» ёсьць толькі першы крок гэтага жыцьця, і аўтар мае на думцы пашырыць і паглыбіць яго ў сваіх далейшых творах, якія маюць быць працягам апавядання «У палескай глушы».

Аўтар.