паннаю Ядвісяю, і то толькі між іншым, была аб ёй гутарка. Сёньня ён напэўна як-небудзь даведаецца аб ёй. А можа яна будзе таксама ў госьцях? А можа гэта зусім ня тая дзяўчына? Ідучы каля трэцяе будкі, дзе жыў Курульчук, Лабановіч азірнуў яе бачлівым поглядам, але там было ціха і нікога ня відаць. Другая будка, чацьвертая ад сяла, была ня больш як за поўвярсты ад трэцяе.
— Калі ласка! калі ласка! — спаткаў стараста настаўніка на ганачку свае будкі і павёў яго да пакоіку.
У пакоіку яго спаткала гаспадыня, нізкая жанчына. Па яе фігуры адразу трудна было вызначыць, што перамагае ў ёй: таўшчыня ці вышыня. Маленькая знадворку, будка ў сярэдзіне была досыць памясцоўная. У ёй была кухня, праходны пакойчык і яшчэ два пакойчыкі, шмат прастарнейшыя, сьветлыя і чыстыя. Гасьцей тут было чалавек з восем: тры мужчыны і кабеты. З боку камоды каля ваконца сядзела тая самая дзяўчына, з якою спаткаўся Лабановіч, гуляючы на чыгунны. Вітаючыся з гасьцьмі, настаўнік, убачыўшы панну Марыну, — бо гэта была яна, — мімаволі спыніўся на адзін момант перад ёю; гэты нязвычайна прыгожы твар як-бы прычараваў яго. Разгледзіўшы панну Марыну зблізка, Лабановіч знайшоў, што такое слаўнае дзяўчыны ён яшчэ ні разу ня бачыў. Цёмныя чыстыя вочы, крыху як-бы чымся засмучоныя, пазіралі так панадна і з такою дабратою, што ад іх погляду рабілася лёгка на сэрцы! На высокі белы лоб навісалі чорныя-чорныя валасы і дадавалі яе твару яшчэ больш хараства. Тонкія замкнёныя вусны рабілі яе твар разам з тым і крыху строгім і сур'ёзным.
— Здаецца, гэта з намі спаткаўся я тады? — спытаў Лабановіч, павітаўшыся з дзяўчынаю.
Панна Марына ўсьміхнулася.
— Так, гэта я йшла тады ў вашу вёску.
— Ну, і моладзь! — сказаў Бабініч: — як скора патрапляюць яны сустракацца! — Бабініч, відаць, усьпеў ужо хваціць колькі чарак, бо язык яго, наогул распушчаны, ня ведаў стрыманьня і пачынаў плявузгаць такія рэчы, ад якіх было сорамна ня толькі паненкам і кабетам, але часта і мужчыны апускалі вочы або хадзілі ад сьмеху. Бабініч у