Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Якая-ж гэта пакута? От, паніч! І вып’еце, і закусіце.

— А ты, бабка, любіш выпіць?

— А хто-ж яго ня любіць, панічыку? Калі трапляецца, то чаму-ж ня выпіць?

У першы сьвяты дзянёк вышаў настаўнік на знаёмую яму сьцежку, каля двух ветракоў, і пайшоў на чыгунку. Гэта сьцежачка і гэта месца вельмі падабаліся Лабановічу, і хоць ён даваў кругу, ідучы па сьцежцы каля ветракоў, але часу ў яго было многа, а сьпяшацца яму некуды было. На чыгунцы ён затрымаўся. Яму хацелася пайсьці ў бок разьезду, ісьці доўга-доўга па гэтых шпалах між разьвіслых шырокіх лазовых кустоў, хмызьняку і лесу. Было зусім ціха. Распагодзілася. Нізка стаяла асеньняе сонца, і нейкаю маркотаю патыхала ад усяго гэтага цеснага краявіду і ад гэтае вёсачкі, закінутай між балот і лясоў. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на разьезьдзе, і ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі ледзьве чутны шолах прабег па іх, як-бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою.

І зараз-жа на заломе выбухнуў вялізарны клуб белаватага дыму; за ім выкідаліся другія клубкі, і сьледам за гэтым паказаўся паравоз кур’ерскага цягніка. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нярухома застыў у марозным паветры, тады як галава яго ўсё выцягалася як-бы з свайго ўласнага цела. Было штось вялізарнае, магутнае і захопліваючае ў гэтым імкненьні цягніка, і мімаволі хацелася схіліць галаву прад гэніем чалавечага розуму, атрымаўшага верх над бясконцымі адлегласьцямі. Цягнік праімчаўся, як зьмей, абдаўшы віхрам пылу і дыму настаўніка, адсякаючы кожную мінуту цэлую вярсту. Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз-жа зьнік магутны цягнік, ён ішоў на чацьвертую будку да Бабініча. За другою будкаю пачынаўся высокі бор, і месца было больш высокае і вясёлае. Настаўнік падышоў да таго месца, дзе ён спаткаўся з незнаёмаю дзяўчынаю, ён часта думаў аб ёй, але ні ў кога ня пытаўся пра яе, бо людзі ў такіх выпадках заўсёды схільны ахаяць і кінуць хоць маленькі камячок гразі на тое, што для яго было сьвятым і недатыкальным. Толькі з