Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Але ў сваёй рабоце чэрпаў малады настаўнік і поўную чару высокага здаваленьня, пазіраючыя, як дзеці набіраліся знаньня, лёгка асільвалі тое, што яшчэ ўчора здавалася ім незразумелым і трудным. Больш разьбітных і спасобных сваіх вучняў любіў ён тою любасьцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. І нейкая ўцеха брала маладога настаўніка, гледзячы на гэтых маленькіх замыслых паляшучкоў. Ім і пазвалялася шмат болей таго, чаго не павінны былі рабіць звычайныя вучні, бо ў Лабановіча ў школе быў строгі парадак. Хоць гэта патураньне было і шкодна з пэдагогічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасьць ён ня мог ніякім чынам. З другога боку, трэба сказаць, што ад гэтых лепшых вучняў і вымагалася болей. Скончыўшы дзень у школе і перагледзеўшы работы вучняў, Лабановіч часта падводзіў падрахункі дню; пры гэтым разважаў ён і аб тым, як трэба абысьці тыя пахібы і памылкі, без якіх так трудна бывае ўкінуцца ў школе маладому, мала вопытнаму настаўніку. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста напісаны ў мэтодыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы, трэба было тут-жа выдумляць іх самому. А колькі часу прыходзілася траціць на тое, каб дастасаваць мову дзяцей да кніжнае мовы! І колькі сьмешных і непажаданых выпадкаў вынікае на грунце гэтага непаразуменьня ў школе, дзе мова мацеры зьневажаецца і забіваецца!

Часамі настаўніку здавалася, што яго школа адстае, што дасягнутыя вынікі нязначны, і што, наогул, ён няважны настаўнік. Трэба ўжыць тут штось новае, трэба аджывіць школу, бо спосабы яго заняткаў у школе так замацованы, што яны напэўна перасталі быць цікавымі для дзяцей. У такія мінуты настрой яго спадаў, яму рабілася не па сабе.

«Трэба будзе даведацца да Турсэвіча і пабачыць, як ён вядзе сваю справу», — падумаў Лабановіч і цьвёрда рашыў у першае-ж сьвята паехаць да свайго старога настаўніка, ён абдумаў маршрут. Праўда, маршрут гэты просты: пайсьці на разьезд, як-небудзь сесьці на таварны цягнік і паехаць. Ад станцыі яго сябар жыў за вярсты дзьве, а язды поўстанцыі. Калі-ж ня ўдасца паехаць машынаю, то ў яго — маладыя