клуню і накрычала на яго, што ён не сьвяткуе і яе зьбіў і ўвёў у грэх.
— Ты-ж паслухай, стары пень: ці малоціць хто?
Югасю, у сваю чаргу, занепакоіла старая Лукашыха: а можа і праўда, што заўтра сьвята?
Накінуўшы кажух, яна пайшла да свае кумы Насты. Наста цьвёрда вяла падлік сьвятам і строга сьлядзіла за квадрамі месяцу.
— Я ўжо чула, што некаторыя зьбіраюцца святкаваць сёньня, але сьвята, я напэўна ведаю, заўтра. Піліпавы хлопцы ўжо даўно паехалі ў лес з сякерамі.
Не прайшло і чвэрці гадзіны, як па ўсёй вёсцы і было толькі гутаркі, што пра сьвята, пры гэтым ясна адзначыліся два станы: сьвяточны і будны. Кожны стан меў вельмі паважных прадстаўнікоў свайго кірунку, якія ніякім чынам не маглі дайсьці да згоды, бо кожная рука мела вельмі моцныя аргуманты, на якіх засноўваліся іх позыцыі наконта сьвята.
Самы рух пачаўся тады, як ужо пачынала ўсходзіць сонца. На працягу ўсяе вуліцы то там, то сям стаялі кучкі паляшукоў і паляшучак, дзе меншыя, дзе большыя, і ў кожнай кучцы ішла спрэчка аб сьвяце. Усе цельшынскія законьнікі і законьніцы сышліся тут і горача судзілі погляды супраціўнага стану. Мікіта Тарпак, вылажыўшы ўсе свае аргуманты за заўтрашні дзень і ніколечкі ня зрушыўшы станоўкасьці поглядаў сваіх супярэчнікаў, плюнуў, сярдзіта павярнуўся і пайшоў да свайго двара. Яго рашучая хада і выраза твару ясна казалі за тое, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна даць моцнае ўражаньне і прынізіць тых, хто быў ня згодзен з ім у пытаньнях аб сьвяце. Ён выцягнуў нарады, палажыў па іх дошкі і стаў навальваць гной, хоць вывозіць яго цяпер ён ніколі ня меў на ўвазе. Паклаўшы воз гною, ён запрог каня, выехаў на вуліцу і важна паехаў уздоўж усяе вуліцы, высока паставіўшы сахор. Пад’ехаўшы да тае кучкі народу, дзе ён нядаўна вёў дарэмную спрэчку, Мікіта прыпыніўся і стаў папраўляць хамут, не зварачаючы ні на нікога ўвагі, усё роўна як-бы гэта была яго звычайная работа. Як толькі Мікіта павярнуў з вуліцы ў поле, то зараз-жа з таго боку, адкуль ён выехаў, каля студні, пачуліся