ваўся па хаце, і посьле кожнага стуку штось бразгацела на паліцы, дзе стаялі міскі з лыжкамі.
Зьдзіўленая Аўгеня спынілася на парозе.
— А хіба-ж сёньня ня сьвята? — спытала яна.
— Якое сьвята? — сярдзіта зірнуў на яе дзед Міколка. — Вось, скажэце, мае мілыя: як-бы хто туману напусьціў, — прамовіла Аўгеня, зьбітая з тропу: — адны сьвяткуюць, другія кажуць, што сьвята няма.
— Хто сьвяткуе? — запытала бабка Тацяна.
— Я і сама думала, што сьвята павінна быць заўтра, аж прыходжу да Рамковых — сьвяткуюць, Югася аладкі падбівае; зайшла да Бабковых — і там сьвяткуюць. Прыходжу да вас, — у вас тут будны дзень. Каму-ж верыць?
— А можа і сёньня сьвята, — ужо другім тонам разважае дзед Стукач. Маладзіцы прыпынілі сваю работу. Адна абаперлася на таўкач, ня вымаючы яго з ступы, а другая трымала таўкач у руцэ. Яны таксама задумаліся над пытаньнем аб сьвяце.
— Уводзіны сьвяткуюць на восьмай нядзелі ад Пакроў, — вылічала бабка Тацяна: — колькі-ж гэта нядзель ад Пакроў?
— Ну, якраз восьмая нядзеля і пайшла, — сказала Аўгеня.
Мабыць, сьвята такі сёньня, — посьле развагі прамовіў дзед Стукач, кінуўшы на зямлю лапаць, і пачухаў галаву ніжэй лысіны.
— Матка! а калі гэта да нас Шпак з будкі прыходзіў? — спытала адна маладзіца сваю сьвякроў, бабку Тацяну: — тады казалі, што да гэтага сьвята засталося адзінаццаць дзён.
Дзед Стукач, бабка Тацяна, нявесткі і старшы сын Стукача, Апанас, пачалі вылічаць, калі ў іх быў Шпак з будкі. Выходзіла, што адзінаццаць дзён якраз і прайшло. Бабка Тацяна вынесла сваю прасьніцу, маладзіца Мар’яна сказала, што куцьця ўжо стаўклася; стоўчаны ячмень выбралі, а ступу выкацілі вон у сені: раз сьвята, дык сьвята.
Аўгеня пайшла дадому, пэўная ў тым, што сёньня сьвята. Не заходзячы ў хату, яна пайшла да Лукаша ў