Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Стол заслалі, прынесьлі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыстаўляць і падаваць у панскіх дамох на Беларусі, і селі піць чай. Лабановіч пачуваўся тут добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэньня, што ня можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і вышаў.

Пасьля гэтага паненкі пачулі сябе вальней. Яны сьмяяліся, жартавалі, распытвалі настаўніка аба ўсім: ці быў ён у воласьці, з кім там пазнаёміўся і як каго знаходзіць.

— А вы ня знаеце панны Марыны? — запытала настаўніка Ядвіся.

— А хто яна такая? — спытаў Лабановіч.

— А тут на будцы ёсьць адна панна.

— Я сёньня спаткаў адну вельмі прыгожую дзяўчынку якраз на чыгунцы. Можа гэта і ёсьць панна Марына?

— Так, гэта яна, — прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядзіць.

Паненкі на разьвітаньні колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часьцей заходзіў да іх.

X

Якраз за дзень да ўводзін прасьвятое багародзіцы, якое прыпадае 21-га лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытаньне, пытаньне аб тым, калі сьвяткаваць гэта сьвята: сёньня ці заўтра? І паўстала гэта пытаньне, як зазвычай і ўсе важныя пытаньні, выпадкова.

Старая Лукашыха Аўгеня прышла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прышла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу-ж зьвярнула ўвагу, што ў хаце яе суседкі былі ўсе адзнакі сьвята: прасьніцы вынесены вон, мужчыны ня ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.

— Што-ж гэта ў вас, дзеўка, як-бы сьвята?

У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».