— А вы, дзеткі, яшчэ першы раз прышлі да школкі?— мякка прамовіў настаўнік да малышоў.
Тыя спусьцілі вочы, і толькі адзін, самы храбры, прамовіў кароткае:
— Але.
VIII
Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх. Лабановіч прынёс журнал і стаў запісваць дзяцей. Дзеці сьмялей падыходзілі да свайго настаўніка і давалі адказы на яго пытаньні. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасьць дзіцячай істоты, якая вельмі разьвясельвала настаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі сьмеху.
— Скажы-ж ты, галубок, — зьвярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца: — як ты завешся?
Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваймі яснымі вочкамі. Відочна, у гэтым запытаньні яму пачулася штось падазрэннае: ці няма тут якое хітрасьці, каб не падашукацца часамі?
Гэта запытаньне, з яго погляду, было зусім няцікавае і непатрэбнае: хто-ж ня ведае, як ён завецца?
Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць.
— Або ты ня ведаеш? — у сваю чаргу спытаў і хлопчык.
— Не, ня ведаю, бо каб ведаў, то ня пытаўся-б,
— Ну, як-жа? Іван, ды і ўсё! — прамовіў громка хлопчык з адцяненьнем лёгкай усерджанасьці.
— А цябе як зваць? — спытаў настаўнік другога хлопчыка.
— Ляр’ён, — весела адказаў той.
— А як завецца твой айцец?
— Кандрат.
— А як тваё прозьвішча?
Хлопчык закрыў рукамі твар і пачаў сьмяяцца.
Чаго-ж ты, Ляр’ён, сьмяешся?
— Ня знаю, што казаты.