Матушка апавядала гэта проста, нават з нейкім гумарам.
— Народ наш, трэба сказаць праўду, грубы, дзікі. Аднаго толькі вурадніка і баяцца, аднаго яго і паважаюць.
— А хто ўжо лепш можа дагадзіць ім, як не а. Кірыл? — зноў кажа матушка: — і зямлю ім аддаў, і сенакос, і лякарствы ім дае, і добрым словам памагае. Ніколі ні ў чым ім не адказвае.
Праз поўгадзіны вярнуўся а. Кірыл, утомлены і хмурны.
— Ну, як-жа іх, гадаў, ня лаяць? — у гневе прамовіў а. Кірыл: — чорт ведае, чым кормяць хворую. І гаворыш ім, прыказваеш, не — сваё робяць!.. А гразь!.. Сьвіньні, сьвіньні!..
Крыху супакоіўшыся, а. Кірыл сказаў да матушкі ціха:
— Зашлі ты ёй праз Параску чаго.
— А ўсё-такі, а. Кірыл, вы многа лепшы за тых, хто пра народ гаворыць высокія словы.
А. Кірыл махнуў рукою.
— Вось што, другі, будзем абедаць.
VII
Дзеравяная сьцяна аддзяляла кватэру Лабановіча ад школьнае салі, і каб папасьці туды, то трэба было толькі адчыніць нізкаватыя дзьверы.
Як толькі разднела і чуць узышло сонца, пачалі зьбірацца вучні.
Кожны іх крок, кожны рух і вымаўленае слова чуліся ў кватэры настаўніка.
Яшчэ ўчора прайшоўся стараста, Раман Круглы, па вёсцы, заказваючы сялянам пасылаць у школу дзяцей. То таму, то другому, спаткаўшыся на вуліцы, гаварыў ён:
— Пасылайце заўтра дзяцей у школу! — Пры гэтым стараста рабіў сур’ёзную міну і, наогул, меў начальніцкі выгляд. Яго чырвоны кажух з шырокім, як засланка, каўняром паказваўся ў розных мясцох вуліцы. Калі патрэбныя старасьце асобы тут не сустракаліся, то ён падыходзіў да вакна, стукаў пальцамі ў шыбы: