Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Усе вы, панове, у глушы жывіцё, а глушы баіцёся. І ў глушы людзі жывуць. Мне, матушка, нават падабаецца такая глуш,

— Праўда, у пана падлоўчага дочкі падрастаюць, — гнула матушка сваю лінію, — і, кажуць, старшая вельмі прыгожая, зусім ужо паненкаю выглядзіць.

— Ня ведаю: ня быў у іх.

— Што гэта вы так мала паненкамі цікавіцеся?.. Ой, хітруеце вы, вучыцелька!

— Ёсьць тут цікавіцца чым, — зноў буркнуў а. Кірыл.

Матушка ўстала, узяла папяросы, сама закурыла і гасьцей патрактавала. А. Кірыл ня курыў, але набіваць папяросы любіў, і цяпер ён узяўся за гэту работу.

У пакой увайшла служанка-паляшучка, крэпкая чырвонашчокая дзяўчына.

— Да вас, бацюшка, Апанас Каваль прышоў; просіць хворую прычасьціць.

— Хто ў яго хворы?

— Жонка.

— Скажы, зараз іду, — сказаў а. Кірыл.

— Я скора вярнуся — тут блізка, а вы, калі ласка, пачакайце мяне, — зьвярнуўся ён да гасьцей.

А. Кірыл надзеў цёплую расу, узяў крыж і ўсе патрэбныя рэчы і вышаў.

— Эх, папоўская служба! — уздыхнула матушка: — нават і адпачыць няма калі. А ён слабы, хворы, ногі чуць цягае. Народ у нас, вучыцелька, грубы, дзікі. Вось вашы, вучыцелька (слова «вучыцелька» матушка выводзіла ласкальна ад «вучыцель») цельшынцы зусім другія людзі. А нашых вам ніхто не пахваліць. Вы ведаеце такое здарэньне? А. Кірыл — гэта ўжо будзе два гады таму — быў на сенакосе. Раструсіў сена, сушыць. А едзе адзін наш — ёсьць тут такі грубіян — проста па бацюшкаву сену! А. Кірыл і кажа, падышоўшы: «Ці табе, кажа, дарогі няма, ці ня можаш аб’ехаць, што ты па сене з канём топчашся?» А той, нічога ня кажучы, схапіў бацьку за валасы і давай церабіць! Прыходзіць мой бацюшка; як глянула-ж на яго — аж у яго каўтунікі павырваны. Так і лезуць, так і лезуць!