Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Другія мужыкі.

— Ды што-ж? Не спрачаюся, вашы мужыкі могуць быць і дрэннымі, але з гэтага ня сьледуе, што і ўсе мужыкі нікуды нягодныя. Тая-ж самая паншчына, аб якой шкадуе а. Кірыл, псавала іх, бо, як пацьвярджаюць факты, былі такія паны, што гналі сваіх мужыкоў і падбівалі іх на кражу ў сваіх суседзяў-паноў.

На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка.

На яе твары была прыветная ўсьмешка.

Паздароўкалася, села і, зьвярнуўшыся да Лабановіча, запытала:

— Былі ў пісара?.. Ну, як вы знаходзіце пісаранак?

— Прызнацца, я і не разгледзеў іх, бо мы вельмі мала былі там.

— А праўда, Саша — харошанькая?

А. Кірыл паморшчыўся і махнуў рукою.

А Лабановіч адказаў:

— Нічога сабе дзяўчына.

— Вось бачыце, шкада толькі, што вы ад нас далёка, а то-б зачасьцілі за Сашачкаю.

— А хіба тут няма каму гэтаю справаю заняцца? Вось мой колега, напрыклад?

Саханюк і бацюшка засьмяяліся.

— Не, я ўжо зусім страціў там ласку, дзякаваць богу.

А. Кірыл засьмяяўся яшчэ грамчэй.

— Наш настаўнік кажа: «Не на такога прасьцяка напалі!» — сказаў ён.

— Апрача таго, я чуў, што ў яе жаніх ёсьць ужо.

— Ці мала на сьвеце дурняў? — зноў дадаў а. Кірыл.

А матушка вяла сваё.

— Ну, то што? Хіба жаніхам сьвіней не падкладаюць?

— Гэта было-б не пахрысьціянску.

— Затое-ж бы пакавалерску.

— З поліцыяй мець дзела небясьпечна, — зазначыў а. Кірыл.

— Глуш там у вас, вучыцелька!