— Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасьць вам? Ніколі. Жыду прадасьць, нам — ні за якія грошы!
Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосьць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка, бо Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самаму, калі вучыўся ён ў сэмінарыі, крычалі мешчанчукі:
— Лямец! лямец! на якой бярозе ты лапці павесіў?
— Розгамі яго трэба сеч! — скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачыма.
— Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё была-б праўда, — пачаў Лабановіч, — то і тады-б ня можна судзіць так мужыка. Вы кажаце — мужык скарэй прадасьць жыду, чым пану, бо пад паняцьце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожын, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Зразумела. Жыда ён ведае, з жыдам ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюне, бо яны — роўныя між сабою. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на якую машыну, каторая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бярыцё». І ўсе так ці йначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсан, што мужык цёмен і жыве пасьвінску? У сьвятым пісаньні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».
А. Кірыл слухаў, апусьціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.
— Вы яшчэ мала ведаеце мужыка, — спакойна адказаў а. Кірыл: — што-б вы мне ні казалі, я буду цьвярдзіць сваё: мала білі мужыка!
— Вы зусім ня тое гаворыце, што думаеце. Проста вы за нешта ўгневаліся на мужыка, — сказаў Лабановіч, сьмяючыся.
Саханюк маўчаў.
— А вы ведаеце, — прамовіў урэшце ён: — нашых тутэйшых сялян ніхто нідзе начаваць ня пускае.
— Хто ня пускае?