Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Зусім неачэсаны: так і відаць, семінарысты, гатовы кашлянуць і зацягнуць: «Благаславі, душа мая, госпада», — аклікнулася і Маня.

Настаўнікі тымчасам ішлі да бацюшкі. Дарогаю Саханюк паказваў, дзе хто жыве і чым хто выдацен. Вось у гэтым дворыку жыве хвэльчар Гарошка, удавец, сышоўся з аднэю паляшучкаю і сам апаляшучыўся. Сын яго, Максім, вучыўся ўва ўсіх школах Пінску, але ні аднае ня скончыў, а з апошняе, з духоўнага вучылішча, проста ўцёк. Цяпер ён сядзіць на бацькавай шыі. Уцёк-жа ён з тае прычыны, што ў гэтых школах ня вучаць нічога такому, што адпавядала-б яго шырокай натуры, якая знайшла здавальненне ў гарэлцы, картах і іншых забаўках вясковага лабатраса. Цяпер ён накіроўваецца на дзяка або на памоцніка валаснога пісара. Але покі што гэта толькі добрыя намеры.

Бацюшка, яшчэ малады, крыху хваравіты, нікуды ня ходзіць, але любіць, калі да яго заходзяць. Матушка была раней настаўніцаю, кабета вясёлая і добрая, вельмі любіць пагуляць у стукалку.

Вось гэты дом з садам, першы ад цэрквы, і ёсьць пасада бацюшкі.

Так незаметна настаўнікі дайшлі да весьнічак бацюшкава двара.

VI

— Міласьці просім! міласьці просім, — прамовіў айцец Кірыл і борздымі крокамі натрусіў да дзьвярэй на спатканьне госьцям і стаў памагаць ім разьдзявацца; сам першы паздароўкаўся з Лабановічам, папрасіў настаўнікаў садзіцца, сам падстаўляў ім крэслы і наогул выказаў вельмі многа прыветнасьці і ўвагі, нават радасьці і дабраты.

А. Кірыл быў чалавек яшчэ малады, нізенькі, шчупленькі, худзенькі, з рэдзенькаю цёмнаю бародкаю і жывымі, крыху неспакойнымі цёмна-шэрымі вачамі. Адбітак нейкай мукі адзначаўся на яго худым твары. Гаварыў а. Кірыл громка і борзда, часта сьмяяўся ад душы громкім сьмехам, але радасьці, гэтай галоўнай уласьцівасьці здаровага сьмеху,