краёх там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, пышна разросшыся на прасторы, або разьвіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасьвецкія гаспадары; на гэтых дубох паляшукі-бортнікі ўстрайвалі цэлыя пчольнікі, зацягнуўшы туды каля дзесятка вульлёў. Палянкі зноў зьмяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярозы мяшаліся з шэрымі стваламі хвоі і прыдавалі характар маркоты і засмучэньня ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бесканца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка-далёка між лесу і затыкаліся лесам, чуць-чуць чарнеючым роўнаю палоскаю на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды ня зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касою. Нязьлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмершых дзеравяк расьлі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі навіваліся часамі палоскі вады, чыстыя, гладкія, як шліфованае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых спарахнелых алешын, як сьвечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад гэтых балот патыхала нейкім нявыразным смуткам; ціхім жалем веяла ад гэтых аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё-ж такі жыцьцё стварала свае асобныя формы і, ня гледзячы на ўсе ўбоства, мела сваю павабнасьць і хараство, свой твар, поўны пужлівага задуменьня. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і мімаволі стараешся знайці нешта такое, на чым можна было-б адпачыць і заспакоіцца.
Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасьць ад жыцьця і сьвету, як-бы гэты сьвет сышоўся тут клінам, і нейкая туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу.
«Што пачувае, аб чым думае гэты дзядзька Сьцяпан? Як адбіваюцца на ім вобразы глухога Палесься і які сьлед пакідаюць яны ў ім?» — думаў настаўнік, і яму хацелася хоць на момант стацца тым самым паляшуком, што сядзеў радам з ім, каб зірнуць яго вачыма і зразумець увесь нутраны сьвет яго істоты, яго надзеі, яго жаданьні.
Балоты кончыліся; дарога пашыбавалася на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькаму пясочку, і лес прыняў