Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён пачаў перабіраць кнігі, складваць паперы, прыводзіць іх у парадак.

У аднэй кнізе ён найшоў невялічкі лісьцік паперы, напісаны рукою Ядвісі.

Яна пісала:

«Бывайце здаровы. Я зумыслу пастаралася, каб вы мяне тут не засталі, хоць мне й хацелася яшчэ хоць раз, апошні раз пабачыцца з вамі. Але я падумала сабе: усё роўна, ехаць мне трэба; ехаць-жа тады, калі вы былі-б тут, мне было-б яшчэ цяжэй... Панна Людміла чакае вас — зайдзеце да яе».

І больш нічога не напісала.

Лабановіч доўга пазіраў на гэту паперку. Нават не напісала, куды едзе, і сама не падпісалася...

І чаму ўсё-гэта так скончылася? Чаму?.. І няўжо гэта канец?

Ён яшчэ доўга сядзеў і разважаў. На вочы набягалі сьлёзы.

Ён згарнуў гэту запісачку разам з сваёю і палажыў у кішэню.

Пад вечар прышоў стараста прыняць школу. Лабановіч тлумачыў яму, дзе якія дакуманты і што ён здае. Стараста нічога ня цяміў, але выгляд меў такі, як-бы для яго ўсе гэтыя справы былі добра знаёмы.

Назаўтра напісаў Лабановіч прашэньне аб перамяшчэньні і стаў зьбірацца ў дарогу. Бабка часта ўваходзіла ў пакойчык і, як родная матка, падбірала за ім яго розныя рэчы.

— Разьлятаюцца мае галубкі, — тужліва прамовіла бабка: — ня вернецеся вы, панічыку, сюды!

І бабка ў вялікім засмучэньні падперла рукою шчаку.

А вечарам, праводзячы настаўніка, яна заплакала.

Садзячыся на хурманку з двома чамаданчыкамі, настаўнік сказаў у сваіх думках:

— Адзін разьдзел кнігі прачытан і загортваецца!.. Ну, што-ж? гайда далей!

Менск, 1921—22 г.