— Выбачайце, гаспадзін інспэктар: «несмотря» пішацца злучна, — стаіць настаўнік на сваім: — па Гроту «несмотря» пішацца разам.
Як ні важан інспэктар, як ні вяліка яго начальніцтва, але пры слове «Грот» ён перастае спрачацца, хоць лёгка здавацца ён і ня хоча.
— Трахім Пятровіч, — зварачваецца ён да Грынько: — прынясеце сюды Грота.
Трахім Пятровіч кажа:
— Так, г. інспэктар: «несмотря» пішацца злучна, — але ідзе і выносіць з шафы Грота.
У тыя часы Грот сядзеў нязвычайна крэпка на сваім троне. І калі ты казаў свайму супярэчніку, што па Гроту пішацца так, то ўжо ніякія довады чалавечага розуму не маглі зрушыць цябе з твае позыцыі. Калі ўжо сказаў Грот, то — аман. Тут канец, і далей ісьці няма куды.
Чарга прыходзіць да вучняў Філюка. Інспэктар разглядае дыктоўкі.
— Вашы напісалі добра. Але па сынтаксу вашы вучні значна крапчэйшыя, чым па этымолёгіі, — зазначае інспэктар.
— Не наладжана сыгналізацыя па этымолёгіі, — робіць ціханька ўвагу Грынько на вуха Лабановічу. А Філюк, як ні ў чым ня бывала, адказвае інспэктару:
— Я наогул на граматыку зварачаю ўвагу.
— Гэта і відаць, — хваліць яго інспэктар.
Вучнёўскія пакуты канчаюцца, іх пускаюць, а інспэктар робіць увагі то таму, то другому настаўніку, вельмі важна кланяецца ім і з папом Пражорычам ідуць абедаць.
Настаўнікі астаюцца на некаторы час, абедаюць з выпіўкаю, віншуюць адзін другога са сканчэньнем вучэбнага году і распаўзаюцца па сваіх трушчобах.
— А вы, колега, можа паначуеце? — казаў Грынько Лабановічу.
— Не, колега: я і так адну лішнюю ноч правёў у дарозе, трэба ехаць.