Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сьценах віселі розныя фотографіі, малюнкі ў прыгожых аправах, мяккая, абітая чырвоным плюшам мэбля, каберац каля стала, прыгожы абрус, — усё казала за тое, што Грынько жыў панам (тады яшчэ не казалі «буржуем»). У Грынько была цэлая гаспадарка: дзесяцін тры агароду, столькі-ж сенакосу, была карова, сьвіньні, на двары хадзіла рознае птаства пад пільным і дбалым даглядам гаспадыні.

Лабановіч у параўнаньні з Грыньком быў горкі пролетар і ён нават з зьнявагаю паглядзеў на свой сурдут, які ён купіў у Курульчука за два рублі з палавінаю і ў якім ён, асабліва ззаду, вельмі змахваў на местачковага рабіна.

XXXIV

Каля восьмае гадзіны раніцы пачалі зьяжджацца другія школы. То той, то другі настаўнік з кучкаю сваіх выхаванцаў узыходзіў на ганак школы і з шумам уводзіў іх у школьную салю. Тут ён даваў ім розныя інструкцыі і закончваў іх звычайна так:

— Толькі ня трэба труса задаваць: глядзі сьмела, кажы адважна, рэж з-за пляча — храбрасьць гарады бярэ!

Паддаўшы такім чынам духу, настаўнік заходзіў да Трахіма Пятровіча, захоўваючы яшчэ на сваім твары тую сьмеласьць і рашучасьць, якою ён толькі што набіваў сваіх вучняў.

Іншыя настаўнікі, наадварот, доўга заставаліся ў школе пры вучнях і тлумачылі ім, дзе, у якіх выпадках трэба паставіць той ці іншы знак прыпынку, і вялі нават папярэдні экзамен. Пакінутыя адны, вучні памаленьку пачыналі разварушвацца, знаёміцца самі з сабой — часта пры дапамозе кулакоў, штурханоў, высьмейваньня адных другімі і даваньня мянушак.

Звычайна на экзамены ў адну школу зьбіралася пяць-шэсьць школ. Тут ужо можна было лягчэй паназіраць настаўнікаў розных тыпаў. Рознасьць іх тыповасьці выяўлялася ўжо із чыста надворнага выгляду. Тут ужо можна было спаткаць прылізанага зуха з талентам і з нахіленьнем да жаночага роду; тут былі і выяўна зьняважлівыя да розных умоўнасьцяй грамадзянскага прыліку: мелі доўгія валасы і,