Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўсякім разе на доўгі час. Гэта вестка моцна засмуціла настаўніка. Ён адразу пачуў, што перад ім як-бы ўжо расчыняецца нейкая пустата, і гэтыя пышныя малюнкі, зазелянеўшага Палесься, узбуджанага вясною, поўнага сьпеву, шуму і жыцьця, патускнелі ў адзін момант і як-бы адыходзілі ад яго. Усё, здавалася яму, мела цяпер такі выгляд, як-бы хацела сказаць яму: «У цябе гора, але мы ў гэтым не вінаваты», і пачыналі жыць сваім клопатам, сваімі інтарэсамі, зусім для яго чужымі, а ён застаўся тут адзін, як ёсьць.

Яшчэ адна акалічнасьць засмучала яго: гэту вестку пачуў ён не ад яе, а ад свае бабкі. А разам з тым гэта акалічнасьць і грэла яго надзеяю, што гэта можа яшчэ і ня зусім праўда. Ён рашыў сягоньня-ж пастарацца пабачыць Ядвісю і пагаварыць аб гэтым з ёю. Цяпер толькі пачуў ён, як дорага яму яна і якая для яго будзе нявыказная страта, калі яму прыдзецца тут жыць без яе. Не, тады ён не застанецца тут! Яго ўяўленьне ўжо малявала яму асірацеўшы двор і пакой пана падлоўчага, і ён нязвычайна востра пачуў тыя настроі, якія агорнуць яго тады, калі ўжо ня будзе яго мілай суседачкі.

Пасядзеўшы да самага вечара ў школе са сваімі вучнямі і крыху адцягваючыся гэтымі заняткамі і блізкімі экзаменамі, ён пусьціў дадому хлопцаў і пайшоў да сябе на кватэру. Зірнуўшы на дом пана падлоўчага, ён згледзіў Ядвісю на ганку. Яна сядзела за столікам. На століку стаяла швейная машына. Панна Ядвіся штось шыла. «Напэўна гатуецца ў дарогу», — тужліва зазначыў сабе настаўнік.

Ён надзеў шапку і вышаў на двор. Ён борзда перакінуўся праз знаёмы яму пералаз і ўзышоў на ганак пана падлоўчага.

Ядвіся была сур’ёзна і як-бы крыху чымся заклапочана. Тут-жа сядзела і пані падлоўчая, таксама з шыцьцём у руках.

— Што-ж у пана чуваць добрага? — спытала пані падлоўчая.

Лабановіч паведаміў яе аб экзаменах.

— Калі-ж вы паедзеце? — запыталася Ядвіся і ўскінула на яго свае цёмныя вочы.