Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нязвычайна вясёлы і, павярнуўшыся да панны Людмілы, засьпяваў:

Ксёндз барнадын у касьцелі—

ха-ха-ха-ха!

Віздеў собе анелі!

Тра-ля-ля-ля!

А далей ён чамусь не сьпяваў, як яго ні прасілі.

— Габрынька! — скамандваў ён: — заграй нам што-небудзь!

Пад звонкія і мэлёдычныя зыкі гэтае музыкі сарваўся з месца Грыгарэц і пайшоў тупаць і прытупваць. Здавалася, што гэта не чалавек танцуе, а нейкі добры ўкормлены вяпрук убег у гэты пакой і ў нейкай сьвіной радасьці разгуляўся тут і пайшоў выбрыкваць розныя свае вяпручыныя выкрутасы. Пайшоў танцаваць і пан падлоўчы са сваёю жонкаю. Усе вельмі хвалілі пана падлоўчага і паню падлоўчую. Праўда, танцаваў ён здольна. Потым ён пайшоў у танцы з паннаю Людмілаю. Грыгарэц пад шум танцаў кудысь зьнік. І калі агледзеліся, што ён прапаў, то пан падлоўчы сказаў:

— О, злодзей! Ведаю я, куды ён пайшоў! — і, як відаць, трохі яму пазайздросьціў.

Анатоль, праспаўшыся, зноў увайшоў у пакой. Гэта быў высокі малады хлапец, не падобны да свае сястры. Яны з настаўнікам падселі да стала і пачалі ізноў піць, як-бы гарэлкі ў вочы ня бачылі.

— Ну, Толя: ці не пара нам дамоў? — падышла да іх панна Людміла.

— Гуляйце: вялікадзень раз на год бывае, — сказаў ёй Лабановіч.

— Ну, хто вам больш падабаецца з хатоўскіх маладых людзей? — пытала яна Лабановіча.

— Усе слаўныя хлопцы, — адказаў ён.

— Ну, гэтым вы мала сказалі.

— А што мне пра іх казаць? Я больш цікаўлюся дзяўчатамі.

— Ну, а хто-ж вам больш падабаецца з паненак?

— Калі аб гэтым пытаецеся вы, то я павінен сказаць вам — вы.