Шынкі, як падушкі, абтыканыя зелянінаю, ляжалі важна зялёнымі шалашамі. На дзябёлым крэсьле старасьвецкай работы сядзеў зялезнадарожны майстар Грыгарэц, з шырачэзнаю сьпіною і дубовага складу чалавек, ніколі ў жыцьці ня ведаўшы страху перад гарэлкаю. Ён быў тоўсты, крэпкі і меў выгляд навоя, на які толькі што навілі кросны ў дванаццаць губіц. Рыжая і ўжо з лысінаю галава яго насілу пакручволася направа і налева на кароткім, але нязвычайна тоўстым карку. Маленькія вочкі яго ўжо замасьліліся, але ён не касаваўся перад чаркаю і ліў іх, як у бочку. Тут-жа была і панна Людміла з сваім братам Анатолем, але Анатоль, чуць паздароўкаўшыся з настаўнікам, зараз-жа пайшоў шукаць прыпынку для сваёй галавы, у якой цяпер малаціла нейкая малатарня. Панна Людміла толькі правяла яго сваім балесным поглядам, Яна была адзета ў лёгкую шаўковую блюзку колеру альнянога цьвету і выглядала вельмі прыгожаю і цікаваю. Панна Ядвіся таксама была адзета з густам. На ёй была чырвоная атласная кофтачка, якая вельмі ішла да яе смуглага твару, а пышныя цёмна-каштанавыя валасы былі перахвачаны чырвонаю-ж, як жар, стужачкаю. Габрынька стаяла каля музычнае скрыначкі, на якой нядаўна грымела музыка.
— Тут, пане мой, паненкі адны сядзяць, а ён спаць заваліўся, — адчытваў Лабановіча вясёлы пан падлоўчы.
Падышоўшы да панны Людмілы, Лабановіч спыніўся і сказаў ёй:
— Чаму вы, панна Людміла, не перахрысьціліся, убачыўшы мяне?
Ядвіся зірнула на Лабановіча, потым на панну Людмілу. Людміла, асьвятліўшы свой твар усьмешкаю, пазірала на яго, штось прыпамінаючы, а потым весела засьмяялася.
— Аднак-жа вы злапомны.
— Зусім не, — адказаў настаўнік: — я толькі хацеў вам напомніць, што, угледзіўшы «сьвятога», трэба перахрысьціцца.
— Ну, годзе табе тут любошчы разводзіць, — падышоў пан падлоўчы і ўзяў настаўніка пад руку: — вып’ем!