Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

некаторымі затрымліваўся доўга... Чаму яна сказала, што кінецца пад машыну, калі ён пасьмее пацалаваць яе, і нават паклялася памяцьцю мацеры? Чаму кінула яна яму «дурань», а потым як-бы пакаялася ў гэтым і падарыла яму такую добрую ўсьмешку, як-бы ёю перапрашала за гэта зьневажаньне? Ён хадзіў па пакоіку і ўсё думаў аб ёй. Але чым болей думалася, тым больш хацелася яму зноў пабачыць сваю мілую Ядвіську, пачуць яе голас, зазірнуць ёй у вочы, каб прачытаць, што робіцца ў яе душы. Ён часта паглядаў у вокны, каб убачыць яе. Яе імя гучэла ў яго вушох нязвычайнаю музыкаю і мела нейкае асобнае значэньне.

Назаўтра ён прачнуўся пазьней, бо заснуў ужо тады; калі пачало разьвідняцца, прачнуўся з думкаю аб сваім шчасьці, аб Ядвісі. Ён устаў тады, калі ў школе чуліся дзіцячыя галасы. Ён успомніў, што сёньня субота перад вербніцаю, што ў гэты дзень ён скончыць сваю работу ў школе, бо пасьля вялікадня прыдуць усяго толькі тры вучні, якім трэба падгатаваная да экзамену.

З вясёлым шумам ішлі дзеці ў лес са сваім настаўнікам, зьбіўшыся вакол яго цеснаю грамадкаю.

Дзень быў ясны, цёплы. Нават на цельшынскай вуліцы падсохла. Сяляне з сохамі, з каробкамі і мяшкамі з аўсом выяжджалі на поле. Жалобна крычэлі кнігаўкі, снуючыся над балотамі, на вадою, як-бы яны шукалі вельмі дарагую страту і ніяк не знаходзілі. У зацішку па лужынах тужліва хрумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як пустыя кадушкі. Гэта буханьне на далёкай адлегласьці будзіла лясы, прыдаючы агульнаму настрою Палесься асаблівыя тоны. Сталыя і важныя буслы з нязвычайнаю сур’ёзнасьцю хадзілі па краёх балот або ляталі да сваіх гнёзд на старых хвоях і папраўлялі свае апушчаныя на зіму палацы. Там і сям на акраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінах. Жоўтыя пухаўныя каткі зьвісалі на верабалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі ўжо павыбіваліся на сьвет скрозь сухія выцьвеўшыя лісьці, і прынадныя пахі разьлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя спробамі жыцьця за свой доўгі