Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бабка перш прыкінулася, што нічога ня ведае, а каб праканаць у гэтым і настаўніка, яна ўзяла краскі і стала разглядаць іх. Але, як ні хітрыла бабка, настаўнік прачытаў на яе твары, што яна прыкідваецца.

— Ой, бабка! Грэх табе, старэнькай, хлусіць і абманваць. Ня любіш ты мяне і не шкадуеш. Я ўжо і па тэй прычыне не паверу табе, што ты — знахарка. Ты павінна ведаць.

— Ой, панічыку! Ну, хто-ж вам можа прынясьці красачак, як не паненка?

— Якая паненка і чаму паненка, а не якая-небудзь маладзіца?

— Хто-ж іх, панічыку, ведае, хто да вас лепей горнецца: ці паненкі, ці маладзіцы, — усё яшчэ хітрыла бабка. Але ёй самой ня ў трываньне было не сказаць, і яна пачала сьмяяцца. — Паненка, панічыку; сама сюды забягала і палажыла іх вам. Толькі яна, панічыку, прасіла мяне, каб я пра яе не казала.

— Злаўлю яе калі-небудзь.

— Злавеце, панічок, злавеце! — прамовіла бабка, гатовая нават памагаць свайму панічу злавіць паненку.

— Чаму ты, бабка, ня йдзеш на вуліцу песьні сьпяваць?

Бабка паглядзела на настаўніка, ці ён праўду кажа, ці жартуе.

— Няма, панічыку!.. Адсьпявала я ўжо сваё.

— А ці шкада табе твае моладасьці?

— А што яе, панічыку, шкадаваць? Ці шкадуй, ці не шкадуй, ня вернецца яна.

— А ці хацела-б ты вярнуць яе?

— Э, панічок! Ніколі я пра гэта і ня думаю. Нікому яна не варочаецца.

— Дык трэба, бабка, карыстацца ёю і ўзяць ад яе ўсё, чым яна міла і люба?

— Так панічок: што цяпер страціш, таго потым ня знойдзеш.

Гэта размова зусім ня цікавіла бабку, і яна колькі разоў пазяхала. А ўрэшце яна сказала:

— Ужо-ж, панічок, і позна. Аставайцеся здаровы!