Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паху свае манаткі і пайшоў-бы, куды вочы глядзяць. Скончыцца работа ў школе, паеду дадому. На другі год думаю перабрацца куды-небудзь далей у глыб Палесься. Я пачынаю рабіць падлікі сабе самому, і іх вынікамі я моцна незадаволены. Тая звычайная работа, якую мы павінны вясьці ў школе, мне здаецца мала вартоўнай, і калі толькі ёю абмежаваць сваю дзейнасьць, то гэта значыць рабіць вельмі мала, бо будзеш заўсёды чуць нейкі недахват. І тады трэба будзе на ўсё махнуць рукою, а каб было весела, то прыдзецца зьвярнуцца да карт, гарэлкі і праз колькі гадоў зрабіцца поўным вахлаком, што звычайна на кожным кроку і робіцца. Я чую, што ў мяне няма грунту пад нагамі, бо я не намеціў сабе пэўнага пляну работы. Я, брат, тая муха, што папала пад шкляны калпак: і сьвет вакол відаць, і месца ёсьць выбіцца з гэтага калпака, але няма здольнасьці папасьці ў выйсьце. І я, не адзін такі я, шумім, круцімся, а толку няма. Можа каму выпадкова і пашчасьлівіцца найсьці дарогу з гэтага калпака, але пераважная большасьць пападае ў сыраватку і трапечыцца ў ёй, покі не захлынецца. Яшчэ нічога, калі ўсяго гэтага не замячаеш і думаеш, што гэтак і трэба. Але вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская сьмерць, І калі-б мяне спытаў хто, што мне найболей кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражаньне за першы год настаўніцтва, я вызначыў-бы гэта так: павольнае ўміраньне душы і зацягваньне цябе балотам... Не, брат Сымоне, ня можна доўга аставацца на адным месцы, бо яно цябе заесьць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва!

Як я табе і казаў, ува мне з нязвычайнаю сілаю абудзіўся дух бадзяньня. Я не знаходжу сабе спакойнага месца, мяне кудысь цягне і парывае. Часамі мне проста хочацца зашчаміць сабе галаву і плакаць. «Маркотна жыць на гэтым сьвеце, панове». Цяпер толькі зразумеў я, якую праўду казаў Гогаль».

Напісаўшы гэты ліст, Лабановіч прылёг на канапу і задумаўся... «А ўсё гэта я ілгу: ня тыя прычыны майго нездаваленьня і смутку». І перад ім ізноў усплыў вобраз Ядвісі, і йзноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў ён думаць.