Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

маў: «Ніхто цябе ня бачыць, ніхто ня ведае, якая ты слаўная і мілая» — і дадаў: «дурні яны!»

— А, — сказаў Лабановіч у парываньні нейкай радасьці, а ўнутрох яго ўсё дрыжала: — ці толькі сьвету, што ў панны Людмілы? А вы мне вось што скажаце: калі ўжо вы перастанеце харашэць? Можна было-б ужо і спыніцца.

Усе думкі аб помсьце панне Ядвісі, усе тыя калючыя словы, якія ён думаў ня так даўно кінуць ёй, — усё цяпер зьнікла, як-бы гэтыя ночы і бровы адвялі іх і пахавалі навекі.

Ядвіся сказала:

— А калі вы перастанеце быць такім панурым і злосным?

— З таго самага часу, як вы аб гэтым запыталіся.

— Ня люблю я панураў, — сказала Ядвіся: — усё здаецца, што яны накінуцца і біць пачнуць.

— Што зрабіць? Часамі чалавеку так цяжка бывае, так наваліцца на яго гора, што нехаця ляжа чорная цень на твары.

— А якое ў вас было гора? — спытала Ядвіся.

— Ня пытайцеся: ніякага ня было ў мяне гора. Хіба вы навядзеце яго на мяне; але гэтага я вельмі не хацеў-бы.

— Я? Што я для вас значу?

— Усё! — адказаў настаўнік.

— Праўда? — ціха спытала Ядвіся.

— Гатоў пабажыцца, аб заклад пабіцца, — пачаў сыпаць Лабановіч словамі, узяўшы жартлівы тон, каб жартамі прыкрыць тое, што ішло ад самага сэрца.

Панна Ядвіся, як сарна, скокнула да печкі, дзе стаяў пусты кошык, і, схапіўшы кош, падбегла з ім да Лабановіча і прамовіла:

— Сыпце ў кош сваё красамоўства!

Яны сьмяяліся, шчасьлівыя, як дзеці.

Панна Ядвіся раптоўна стала сур’ёзнаю.

— Скажэце, — прамовіла яна: — каб я нас аб чымсі папрасіла, ці зрабілі-б гэта для мяне?