Пасьля пісарскага балю Лабановіч некаторы час адчуваў сябе дрэнна. Яму было прыкра, што ён там напіўся, гаварыў розныя глупствы і нават піў за здароўе нейкай маладзіцы. На другі дзень ён раненька вырваўся з Хатовіч і бадай што ўцёк дадому. І вось цяпер, на другі дзень панства, ён хадзіў па чыгунцы, крыху заспакоены, і падводзіў рахункі сабе самому, як чалавеку і як настаўніку. Яму ўспаміналіся першыя дні яго прыезду сюды, яго намеры і пляны. І цяпер усё гэта так ня сходзілася адно з другім, і ніякага моральнага здавальненьня! Ён чуў нейкі неспакой душы. Яму хацелася кінуць тут усё і йсьці. Куды? У гэты сьвет, на новыя мясьціны — і там ужо пачынаць жыць як-небудзь іначай. Ён акінуў вачыма гэтыя ваколіцы Цельшына: цесна, цёмна і пуста. Толькі ветракі, растапырыўшы ўгары два крыла ў бок сяла, мелі такі выгляд, як-бы іх зразіла нейкая навіна, і яны, у зьдзіўленьні сказаўшы: о-о-о! — застылі ў такім стане; ды дом пана падлоўчага і высокая вяндлярня выдзяляліся крыху весялей з купы гэтых саламяных стрэх сялянскіх хат. Няўжо-ж яму прыдзецца жыць тут яшчэ другую зіму, бо на лета, калі скончацца заняткі ў школе, настаўнік думаў куды-небудзь паехаць. Дом пана падлоўчага глянуў на яго яшчэ раз і яшчэ; і, скараючыся нейкаму пачуцьцю і голасу, ён зьвярнуў з чыгункі і накіраваўся дадому, паглядаючы то на высокі крыж каля школы, то на дах дому пана падлоўчага. Падыходзячы бліжэй да іх, настаўнік пайшоў павольней, як злодзей, кідаючы вочы на вокны. Ступіўшы яшчэ колькі крокаў, ён спыніўся: у вакне з-за вазонаў яму кланялася тая галоўка, якую яму так прыемна было бачыць. Настаўнік прасьвятлеўся і рашуча адкінуў клямку на дзьверцах весьнічак свае суседкі.
— З таго часу, як вы закахаліся ў панну Людмілу, вы ўжо ня хочаце да нас зайсьці, — сказала панна Ядвіся ні-то шуткуючы, ні-то сур’ёзна.
Лабановіч глянуў ёй у вочы, у гэтыя круглыя, цёмныя і такія слаўныя выразныя вочы, на яе чорныя тонкія бровы, якіх ён ня бачыў ні ў аднае дзяўчыны, ні ў кога на сьвеце. Здаецца, ніколі не адводзіў-бы ён ад яе сваіх вачэй, і паду-