Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пасядзі яшчэ трохі.

— Не, паночак: позна.

І бабка паволі павярнулася ў сваю кухню на печ.

II

Старожка ўжо зьлёгка пахрапвала ў кухні на печы, а Лабановіч усё яшчэ не лажыўся. На стале гарэла лямпа пад сьветлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў Лабановіч. На гэты раз чытаньне штось ня ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджваў па пакоі і думаў. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днёх і да якое ён так доўга падгатаўляўся, — усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадзянскай працы.

Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесься, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’езчыка, і гэты народ з яго асобнаю моваю і звычаямі, так непадобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх вышаў Лабановіч; гэты непачаты край старажытнасьці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе яго ўвагу, і гэты выгляд самое мясцовасьці, агульнага тону якой ня мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага.

Што ні кажы, а жыцьцё, ужо само па сабе, ёсьць радасьць, вялікае шчасьце, бясцэнны дар. Ёсьць дзьве важныя часьціны, з якіх складаецца жыцьцё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Бо ніколі ня страціць для нас цікавасьці чалавек, бо праяўленьне яго розуму бязьмежна, бо дарогі яго ня вызначаны, бо формы яго жыцьця і яго ўзаемаадносін да другіх людзей бясконца размаіты, аканчальна ня выяўлены і ніколі ня могуць стаць аканчальнымі. А прырода! Колькі вялікага здаваленьня дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачыма кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе многалучныя напісы — хіба-ж гэта ня ёсьць шчасьце?