— О, не! вам яны ня шкодзяць.
— Ну, гэта другое пытаньне, але ці можна быць сьвятым, астаючыся і хітрым?
— У пытаньнях сьвятасьці я нічога не разумею, — адказала панна Людміла: — але пакінем аб гэтым. Скажэце, чаму вы тады так борзьдзенька ўцяклі, памятаеце, у Абрама?
— Я ніяк ня чаяў спаткаць вас там, і мне стала нялоўка... Скажу вам праўду: я не хацеў, каб вы падумалі, што я зайшоў туды дзеля таго, каб пабачыць вас.
— А хіба вам так няпрыемна было пабачыць мяне?
— Вот вы і злавілі мяне. Цяпер выкручвайся, як хочаш, — сказаў, сьмяючыся, Лабановіч.
— Вы мне кажэце праўду, чуеце? чыстую праўду, — горача наступала панна Людміла.
— Я проста не хацеў абманваць вас.
— Што гэта значыць? Я нічога не разумею, — крыху нахмурыўшыся, сказала панна Людміла: — у чым вы маглі мяне абманваць?
— Усяго ведаць ня можна, бо часта веданьне разьбівае наша шчасьце.
— Цяпер я ўжо зусім не разумею вас.
— А вы больш размаўляйце з разумнымі людзьмі, — параіў ёй Лабановіч.
— А чым-жа я вінавата, што вакол мяне дурні?
Лабановіч засьмяяўся.
— Кепскага-ж вы зданьня аб вашых кавалерах, і я на гэты раз вельмі рады, што ня ў іх ліку.
— Аб чым гэта галубкі варкуюць? — запытаўся Сухавараў, падыходзячы да іх. Яму было крыху не па сабе, што панна Людміла аддавала перавагу Лабановічу, а не яму.
— Проша сядаць, — паказала панна Людміла яму месца каля сябе.
Сухавараў сеў, залажыў нагу на нагу і пакруціў свой чорны вусік. Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня стала запрашаць гасьцей за стол. Госьці ўздыхнулі лягчэй і, няспрытна топчучыся і аказваючы знакі ўвагі адзін другому, рушылі ў другі пакой. Праз увесь доўгі стол цягнуўся цэлы рад бутэлек гарэлкі. Лабановіч сядзеў радам з