каханьне ёсьць нейкая хвароба, боль і пакута. Яна захапляе ўсяго, не дае спакою, параджае нейкія няясныя парываньні і вялікі смутак».
У лесе было ціха і спакойна. Гэты спакой паволі схадзіў і на падарожнага. Ён ішоў, мінаў засыпаныя сьнегам грэблі і балоты і ўсё думаў аб паньне Ядвісі. Як жывы, вобраз яе стаяў у яго ваччу.
Панна Ядвіся прымеціла, што настаўнік за гэты час як-бы асунуўся і пахудзеў. У яго вачох яна расчытала нейкія новыя для яе думкі і нейкую затоеную тугу, і сама яна задумалася, і нейкі цень засмучэньня пралёг на яе маладым і сьвежым твары. Аб ім так многа думала яна ўсе гэтым дні, да яго так моцна рвалася яе думка.
XXVI
— А! вось і вы! Міласьці просім! — спаткаў а. Кірыл Лабановіча.
А. Кірыл, як замеціў настаўнік, нейк асунуўся, толькі вочы яго былі яшчэ больш жывыя, больш неспакойныя.
— Што-ж гэта вы, вучыцелька, так закапаліся ў вашай глушы? — пытала яго вясёлая, румяная матушка. — Ну, як-жа вам жывецца?
— Дзякую, матушка. Жыву памаленьку ды паціхеньку.
— Ну, кажаце: у каго вы там закахаліся?
— Чаму вы думаеце, што закахаўся?
— Ну, як-жа гэта можа быць, каб малады хлопец быў незакаханы?.. Ой, вы ўсё хітруеце! — пастрашыла матушка пальцам. — Там дзесь, у Цельшыне, знайшлі вы сабе мілую... Не гаварэце мне: па вачох бачу.
— Праўда, матушка, вы не памыліліся...
— А што! — падхапіла матушка. — Хто-ж ваша мілая? Ну, скажэце?
— Старасьціха Алена, — прамовіў Лабановіч.
А. Кірыл і сама матушка громка засьмяяліся.
— А я думаю, ці не дачка пана падлоўчага? Што-ж вы вочы апусьцілі?