Панна Ядвіся адказала яшчэ прыветней на яго прывітаньне.
— Ну, як-жа вам гасьцілася? — запытаў Лабановіч, але запытаў гэта так, як пытаюць тады, калі трэба сказаць хоць што-небудзь: бяз усякага пачуцьця і цікавасьці да таго, аб чым ён пытаўся.
— Ох, як было весела! — адказала панна Ядвіся. Яна хацела яшчэ штось сказаць, але затрымалася. — А як вы тут жылі?
— Жыў вельмі добра: чытаў, пісаў, вучыў, сам вучыўся, хадзіў гуляць і пачуваўся як ня трэба лепей.
— А куды-ж вы сабраліся?
— Надумаўся да воласьці даведацца.
— І нікога тут не шкада вам пакідаць? — спытала Ядвіся, і вочы яе засьмяяліся хітраю ўсьмешкаю. Сэнс гэтага пытаньня быў ясны для іх абаіх.
Лабановіч на момант апусьціў вочы, потым паглядзеў на панну Ядвісю.
— Вас мне шкода пакідаць, — адказваў ён ні то праўдзіва, ні то з насьмешкаю — разумей, як хочаш.
Яму нават зусім не хацелася цяпер ісьці ў Хатовічы, але варочацца назад было ўжо некуды.
— Ну, бывайце здаровы! — пакланіўся ён ёй і пайшоў.
— А вы скора думаеце вярнуцца? — спытала Ядвіся.
— І сам добра ня ведаю. Пабачу там, — адказаў Лабановіч ужо адышоўшыся на колькі крокаў. Ён яшчэ раз пакланіўся ёй і зачасьціў так шпарка, як-бы хацеў паказаць гэтым, што яму няма калі размаўляць з ёю.
Увесь гэты час размовы з паннаю Ядвісяю Лабановіч чуў, што ён робіць нейкую гвалтоўнасьць над сабою, што ён гаварыў зусім ня тое, што думаў і што пачуваў сапраўды. «Чаму я, як злодзей, таюся ад яе і ад людзей?» — думаў, ідучы вуліцаю, настаўнік. «Чаму не сказаць ёй, што я так шчыра і так моцна палюбіў яе. І праўда: чаго я так віляю, нашто замятаю свае сьляды, зьбіваю яе з тропу? Нашто гэта лганьнё? Няўжо так робяць і іншыя? Проста няма ў мяне сьмеласьці. Я баюся тае абразы, якая будзе для мяне тады, калі яе сэрца не адгукнецца майму сэрцу... А ўсё-ж такі гэта