Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Назаўтра, чуць толькі разднела, Лабановіч ужо быў на нагах. Ён колькі разоў паглядаў на дом пана падлоўчага, але там было ўсё яшчэ ціха. Настаўнік хадзіў нецярпліва па свайму пакоіку і курыў адну папяросу за другою, прыслухваючыся да зыкаў, што ішлі са двара пана падлоўчага. Ён ужо як мае быць нарыхтаваўся ў дарогу: сабраў курэцкія прылады, паставіў у куток свой кій і, выбраўшы добрую часіну, вышаў з дому.

Цельшынская школа стаяла на рагу дзьвюх вуліц. Адна вуліца, прасторная, роўная, шырокая, ішла на зялезную дарогу, другая, невялічкая, бегла ў поле і зараз-жа канчалася, перайшоўшы ў дарогу. На перасеку гэтых вуліц, каля саменькай школы, стаяў высачэзны крыж. Ён заўсёды прыцягаў на сябе ўвагу настаўніка і рабіў на яго моцнае ўражаньне. Гэты высокі пануры крыж і гэта закінутая сярод палескіх трушчобін школа стаялі, як сіроты, і, здавалася, цесна туліліся адно да другога, як-бы ў іх была адна доля. Лабановіч вышаў на прасторную вуліцу. Па правую руку да вуліцы падыходзіў частакол двара пана падлоўчага. У куточку дворыка, каля самае вуліцы, стаяла студня. Ступіўшы колькі крокаў па вуліцы, Лабановіч згледзеў так добра знаёмую постаць панны Ядвісі. З вядзёркам у руцэ яна скоранька ішла да студні. Нейкая дрож прабегла па яго жылах, а сэрца ў грудзях застукала мацней. Як пахарашэла яна за гэтыя тры нядзелі! Ён чуў, што яго штось моцна цягнула да яе. Але ён стараўся быць спакойным і ня выказаць ёй таго, што адчуваў ён у гэтую мінуту.

Радасьць, праўдзівая радасьць адбівалася на твары панны Ядвісі; гэта радасьць сьвяцілася ў яе цёмных вачох, яна снавалася на яе губках, такіх мілых, такіх прыветных!.. Чорт-бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата і годзе!

Але Лабановіч узяў сябе ў рукі. Нават і цені радасьці не паказваў ён, што ўбачыў яе.

Параўняўшыся з ёю, — а панна Ядвіся стаяла і чакала яго, — ён досыць прыветна сказаў ёй:

— Дзень добры!