— Выбачайце! — прамовіў ён, крута павярнуўся і вышаў вон з каморкі.
«Як дрэнна і падурному выпіла ўсё гэта, — разважаў сам з сабою Лабановіч: — выходзіць так, як-бы я збаяўся яе і зьбег. Фактычна гэта так і ёсьць. І яна напэўна сьмяецца з мяне. І другім яшчэ раскажа». Ён моцна быў нездаволены сабою, бо вёў сябе, як які-небудзь школьнік у прысутнасьці дзяўчыны, якая хоць і незнаёма з ім, але добра ведае яго, як ведае і ён яе. А панна Людміла, застаўшыся адна, шчыра падшкадавала аб тым, што гэты дзівак так неспадзявана зьнік адгэтуль, як неспадзявана і зьявіўся тут. Ёй цікава было паглядзець на гэтага дзікуна і пустэльніка, які яшчэ да гэтага часу ня быў у Завітанках. З другога боку, ёй чулася і нейкае зьневажэньне яе дзявочае асобы, бо ніякі кавалер не зрабіў-бы таго, што зрабіў гэты пустэльнік, як у сваіх думках называла панна Людміла цельшынскага настаўніка.
Вышаўшы на вуліцу, Лабановіч пачуў нязвычайны крык і лаянку. Проці стараставай хаты стаяла грамада паляшукоў. У сярэдзіне гэтай грамады мятушыліся два паляшукі, пабраўшыся загрудкі. І па меры таго, як пасуваліся гэтыя два байцы, расступалася і грамада паляшукоў, даючы месца байцом. Зацікаўлены гэтаю зьяваю, Лабановіч прыбавіў кроку і накіраваўся да грамады. Першае, што кінулася яму тут у вочы, быў Лявон Шкурат. Ён быў бледны, бяз шапкі, адна шчака яго была акрываўлена. Але ён моцна трымаў свайго праціўніка, Кандрата Куксу, стрэчнага брата старасты. Тут-жа ў якасьці пазірача стаяў і сам стараста.
— Як вам ня брыдка, мужчыны, — зьвярнуўся Лабановіч да грамады: — дапусьціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разьнімеце іх!
Некаторыя з паляшукоў, якія стаялі бліжэй, прыветна ўсьміхнуліся настаўніку, некаторыя падалі яму руку. Другія былі захоплены бойкаю і не зьвярнулі на настаўніка ніякае ўвагі. А Шкурат і Кукса куксілі адзін аднаго і нязнайся. Стараста, як і ўсе другія, таксама трымаў строгі нэўтралітэт.