Перайсці да зместу

Старонка:У палескай глушы (1928).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

больш цікавіліся сваімі кавалерамі, чым яго прамоваю. Сталыя паляшукі хоць і слухалі, але то той, то другі шырока расчынялі сківіцы і пазяхалі. А ў канцы прамовы Максім Цялушка зазначыў:

— Усё гэта праўда, панічок, Але куды ўжо нам вучыцца? Няхай хіба яны вучацца, а мы ўжо так дажывём.

Пры слове «яны» Максім паказаў рукою на вучняў.

XXII

Зрабіўшы яшчэ адну ці дзьве такія спробы і заўважыўшы, што з кожным разам лік слухачоў памяншаецца. Лабановіч махнуў на іх рукою. Але што было рабіць і чым яму заняцца? У будныя дні зранку да вечара ён быў у школе. Але прыходзілі доўгія зімнія вечары. Куды было дзяваць гэты вольны час? Ён садзіўся за чытаньне, зубрыў на ўсякі выпадак розныя падручнікі, пісаў лісты да сваіх сяброў, таксама пазакіданых у глухія куткі Беларусі; нават папробваў вясьці дзеньнік, куды і запісваў свае думкі, настроі і перажыванні. Сьпярша гэты дзеньнік яго моцна зачапіў, і ён сядзеў над ім цэлымі гадзінамі. Разумеецца, у гэтым дзеньніку самае важнае месца адводзілася аднэй дзяўчыне. Боязьнь, каб гэты дзеньнік не папаў каму-небудзь у рукі і не расчыніў таямніцы яго душы, прымушала яго шукаць асобныя спосабы і формы запісаў, ужываць розныя алегорыі Але праз тыдзень гэта пісаньне было закінута, бо самому аўтару яно паказалася вельмі наіўным і сьмешным

А што-ж гэта дзяўчына, так моцна парушыўшая спакой маладога настаўніка, што думала яна? А яна загасьцілася ў Горадзеншчыне і, як відаць, ня вельмі сьпяшалася дадому. Такая няўвага збоку панны Ядвісі крыўдзіла і абражала яго. Яму хацелася, каб яна скарэй вярнулася сюды, не з тае прычыны, што ён зараз-жа зьбярэцца і пабяжыць да яе. Не, зусім не. Ён проста хоча паказаць ёй сваю поўную няўважнасьць да яе асобы, ён нават колькі разоў пройдзецца ў дзень каля яе вакон, але і галавы не паверне ў яе бок і знаку ня дасьць, што яна зацікавіла яго, што яму без яе