самы пояс. Царкоўны стараста Крышчук, які таксама хадзіў разам з бацькам на раздабыткі, стаяў і спакойна пазіраў, як айцец Мадэст церабіўся ў гразі і ня мог вывалачы з балота нос
— Чаго пазіраеш, падала пранцаватая? Цягні мяне!
Тады толькі парушыўся Крышчук і вызваліў з балота айца Мадэста.
У гэту нядзельку а. Мадэст зрабіў забастоўку і не пайшоў служыць абедню.
— Што, бацюшка, можа час званіць на абедню? — пытаў яго дома стараста Крышчук.
— А ні дзлэнг! — крыкнуў а. Мадэст: — як бог да мяне, так і я да бога!
І ўсё-ж такі, ня гледзячы на ўсё гэта, цельшынцы адчувалі нейкую патрэбнасьць так ці іначай мець сувязь з небам і царкоўнасьцю, хоць гэта сувязь была больш фармальная і павярхоўная.
Лабановіч доўга ня мог забыць аднаго здарэньня, калі гэтыя рэлігійныя патрэбы вызначыліся асабліва самабытна. Лабановіч яшчэ спаў салодкім сном. Была раніца, толькі што разднела. У кухні, радам з пакоікам настаўніка, дзе ён спаў, стаяў глухі шум ад галасоў цельшынскага жыхарства. Гэты шум часамі гушчэў і павялічваўся, але голас бабкі спыняў яго, бо бабка не хацела трывожыць «паніча». Лабановіч прачнуўся і стаў прыслухоўвацца. Дзьверы з двара ў кухню то адчыняліся, то зачыняліся. У самой кухні тупалі, таўхаліся, грукалі збаны, глякі і бутэлькі, а ўвесь гэты шум пакрываўся і заглушаўся шумам вады. Вада лілася з вёдзер у цэбар. Настаўнік адзеўся. Адчыніўшы дзьверы, ён убачыў поўную кухню паляшукоў і паляшучак, дзяўчат, маладых і старых кабет. Усе яны праціскаліся да цэбра з вадою і бралі адтуль ваду. Старожка кіравала ўсёю гэтаю справаю і падлівала ў цэбар ваду. Убачыўшы настаўніка, усё гэтае зборышча спаткала яго вельмі прыветнымі ўсьмешкамі.
— Што гэта, бабка, тут робіш?
— Ваду, панічок, сьвянцоную даю.