— І як гэта ты, бабка, шаптаць навучылася?
— Навучылася, панічыку, навучылася!
— А хто цябе навучыў?
— Ой, панічок: вы ўсё хочаце ведаць!
— А што-ж, бабка: навучыўся-б, і да мяне хадзілі-б людзі, і я памагаў-бы ім.
— Ня можна гэта, панічыку!
— Чаму ня можна? Хіба грэх?
— Ня можна!
— Мусіць, бабка, ты з нячыстаю сілаю знаешся?
— Бог з вамі, панічок! Што вы сказалі проціў ночы?! Няхай бог крые! І не ўспамінайце вы яе!.. Ва імя айца і сына і сьвятога духа!
Старая паляшучка, знахарка Мар’я, пабожна перахрысьцілася, падняўшы вочы на абраз.
— А што-ж яна мне зробіць, гэта нячыстая сіла? Я не баюся яе, бо яе, бабка, наогул няма.
— Гэ, панічыку, вы яшчэ маладзенькі, мала на сьвеце жылі.
— Ну, а вось ты, бабка, дзякаваць богу, трошкі пажыла такі, а скажы ты мне, ці бачыла ты хоць раз нячыстую сілу?
— Ня кожнага, панічок, яна налучае, — ухілілася старая ад простага адказу.
— А я табе, бабка, скажу, каго яна налучае. Наколькі я ведаю, яна найбольш прывязваецца да п’яных цёмных людзей і то ўночы.
Старожка з гэтым не згадзілася і паківала галавою. А настаўнік, яшчэ зусім малады хлопец, нядаўна прыехаўшы ў першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы, чуць-чуць усьміхнуўся сам сабе, пэўны ў тым, што старая няіменна раскажа пра здарэньне з нячыстаю сілаю. Яму вельмі падабалася такая гутарка з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людзкой культуры.
— Я вам, панічок, ня буду многа казаць, бо вы ўсё роўна ня верыце, хоць можа і верыце часам, але кажаце, што ня верыце. Але калі ня верыце мне, то паслухайце,