Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У школе асталявалася была Ганна, і жылося ёй ня кепска. Але ізноў-жа гэтае няшчасьце… Ганна ўспамінае Мітрафана Васільлевіча, таго настаўніка, што быў перад гэтым. Ну, што яна магла зрабіць? Баялася працівіцца, каб месца ня страціць, бо хто заступіцца за яе? Ды лепей было-б страціць месца тады з адным дзіцем, чым траціць яго цяпер. І Ганна боязна прыслухваецца да кожнага руху, да кожнага кроку настаўніка ў яго пакоях. У яе ёсьць маленькая надзея на старшыню, на пісара, на бацюшку, бо да іх зьвярталася яна, каб закінулі за яе хоць адно слоўка перад настаўнікам. Але ні старшыня, ні пісар, ні бацюшка нічога аб ёй не казалі Лабановічу, а поп яшчэ і ня бачыўся з ім. Старанна прыбрала яна кухню, зьмяла, выцерла кожную пылінку. Два разы перамыла падлогу ў пакоях настаўніка, пасыпала жоўтага пясочку каля кухні. Усё, што толькі можна было зрабіць, каб чыста было, яна зрабіла і цяпер са страхам чакала вырашэньня свайго лёсу.

Лабановіч заходзіць у кухню. Яму цікава паглядзець на сваю старожку, чыя асоба зьвязвалася романічнаю гісторыяй з асобаю яго папярэдніка, гэтага самага Мітрафана Васільлевіча.

Пужліва стаіць Ганна, і сэрца яе калоціцца.

Лабановіч першы раз бачыць такую брыдкую, няўдалую жанчыну. Мяшкаватая постаць яе, фігура няскладная, тапорная. Маленькія піўныя вочкі глыбока ў лоб заходзяць. Але гэта ўсё нічога, — нос, вось дзе ўсё няшчасьце беднай жанчыны. Носа, можна сказаць, і няма. Пярэдняя часьць Яго правалілася. Тырчыць каля вачэй агрызак носа. Нос, ці праўдзівей, бязносьсе робіць твар яе страшэнна брыдкім, пачварным, а голас вугнівым. Радзілася яна такою. Як нейкі праклён, носіць на сабе грэх бацькоў сваіх. Юста сядзіць ваўчком на тапчаніку каля печы і паглядае, бы той зьвярок, на настаўніка. І яна баіцца яго: ад маткі чула, што гэты незнаёмы чужы чалавек можа прагнаць яе з гэтага тапчаніка, дзе яна сьпіць з маткаю.

Настаўнік здароўкаецца са старожкаю, азірае кухню, мяркуючы, як разгаварыцца тут.

— Даўно вы тут жывяце? — пытае Ганну.