адгэтуль, бо апроч густых чаратоў ды неба над галавою нічога ня ўбачыш. Прападзеш, калі ня выратуюць людзі. На гэтым балотным прасторы пападаюцца вузкія, чорныя, як ноч, як растопленая смала, палосы вады страшныя сваёю маўклівасьцю і глыбінёю. Тут праходзяць рэчкі Струмень, Стаход і Стыр, дзесь па той бок гэтай балотнай роўнядзі. Лабановіч цэлымі гадзінамі праседжвае ў воласьці каля адчыненага вакна, любуецца прасторамі балот, поўнымі сваяасаблівага прыгоства і жыцьця.
А пагода на зьдзіўленьне ціхая, ясная, цёплая. Сіняватая смуга зьвісае над зарэччам. Журботна-ласкавая ўсьмешка восені разьліта на гэтых занямелых, як-бы заснуўшых далях. Вынікае, далёка-далёка, белаваты дымок рачных параходаў. Здаецца, ён стаіць на адным месцы, ня рухаецца — так павольна здалёк вызначае ён лінію рачной плыні. І доўга трэба сачыць, углядацца, каб заўважыць рух белаватага дыму над гэтымі пабурэлымі ад часу чаротамі. Адна зьява асабліва зацікавіла тут Лабановіча: раптам то ў адным, то ў другім месцы паднімецца палавое воблака дыму, выблісьне агонь, разьбягаючыся па крузе. Пройдзе мінута, другая, дым прападзе, і зьнікне агонь — не пад сілу яму змагацца з гэтаю стыхіяй балот, ня можа ён разгарнуць тут сваіх гарачых крыльляў, і нікне. Крыху счакаўшы, агонь выбухне ў другім, у трэцім месцы, а то ў некалькіх мясьцінах адразу. Гэта сумысьля падпальваюць балота паляшукі, каб на выгараным месцы расла на лета маладая лепшая трава.
Пазірае Лабановіч на гэтыя зьявы-малюнкі, убірае іх у сваю істоту, злучаецца з імі, імі жыве, адчувае як-бы нейкую блізкасьць да іх, спачуваньне, прыязьнь, дружбу, і яму хочацца яшчэ болей шчыльна зьліцца з імі, расплысьціся ў гэтых павабных далечах-прасторах і самому стацца гэтым прасторам. У яго душы ўзьнікаюць нейкія поўныя чараў няясныя вобразы, родзяцца сугучныя акорды гэтым бяскрайным прасторам, і часамі мільгаецца ў ім штось як-бы даўно знаёмае, бачанае, перажытае, але дзе і калі? Ці гэта толькі — водгалас яго ўласных лятуценьняў, сьненьня ці сапраўды ён ужо перажываў нешта падобнае? На нейкі момант забывае, дзе ён, як-бы зусім адрываецца ад зямлі і ад рачаіснасьці.