няў. Другая асоба — сам пісар, таксама малады, але больш сталы. У пісара былі чорныя вусы, праўда, кароткія, і рэзка азначанае месца барады, заросшае кароткаю густою шэрсьцю, кароткі задзёрты нос і зякратыяі блізарукія вочы, прыкрытыя цёмнымі акулярамі. Пісар сядзеў, нізка спусьціўшы ў паперы галаву і нешта пісаў.
Лабановіч спыніўся каля балясаў.
Прывітаўся.
Памоцнік спыніў сваю работу, кіўнуў настаўніку галавою і чакаў далейшага выясьненьня справы. Пісар не адрываўся ад работы.
— Выбачайце, што я перабіваю вам работу, — загаварыў Лабановіч і адрэкомэндаваўся.
— А-о-о! — азваўся тады пісар, борзда ўстаючы і праводзячы настаўніка за балясы. Тут ён падаў крэсла і папрасіў Лабановіча сесьці.
— Школа мая аказалася запёртаю з усіх канцоў і я ніяк ня мог туды ўбіцца. Прыехаў да вас, каб навесьці спраўкі. Дзе-ж мне прыпыніцца?
Пісар засьмяяўся.
— І школа, кажаце, ёсьць, а спыніцца няма дзе. Ну нічога: усё будзе добра.
— Раз ужо заехалі да нас, то ўсё роўна, як Хрысту за пазуху папалі, — у тон пісару дадаў памоцнік.
— За пазухай ня надта ўжо цікава сядзець, — засьмяяўся Лабановіч. — А ў школе, здаецца, рамонт быў?
— Быў, быў! Я ўжо пастараўся адштукаваць вам кватэрку на пяць з плюсам.
Пісар, як відаць, стараўся пусьціць трохі пылу ў вочы і ўсе такія важныя мерапрыемствы ён у значнай меры прыпісваў сабе. А калі ён гаварыў, то нейк прыжымаў губы і дробненька трос галавою. Гэтае пісарскае самахвальства адразу кідалася ў вочы, а каб яшчэ больш заахвоціць пісара, Лабановіч тут-жа падзякаваў яму і пахваліў яго за побрыя адносіны да школы, зазначыўшы, што такіх слаўных пісароў ня надта многа на сьвеце.
— Ну, што вы кажаце? — Адразу відаць было, што гэта пісару спадабалася. — У нас з настаўнікам заўсёды былі