Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што разьдзяляў дзьве вёскі, Выганы і Высокае, стаяла школа. Лепшай позыцыі для яе, здаецца, нельга было і знайсьці. Школа якраз стаяла на прасторным месцы паміж дзьвёх невялічкіх вёсачак, прыветна бялеючы сваімі шырока раскрытымі акяніцамі. Пры школе быў досыць вялікі агарод, праўда, незасеяны і запушчаны. Агарод прымыкаў да плятня казённага лясьнічага. Удоўж плятня цягнуўся цэлы рад высачэзных вязаў, аддзяляючы прыгожы парк казённага лясьнічага ад пляцу, дзе стаяла школа. Лявей гэтага пляцу раскінулася вёска Высокае, дзе з-за дрэў весела выглядалі акуратныя чаротавыя стрэхі сялянскіх хат і клуняў. Ніжэй школы, на аднэй з ёю лініі, выглядала з-за саду дзяковая сядзіба і царкоўны дом, дзе жылі цяпер дзьве папоўскія сястры, якіх абмінула замуства, хоць надзеі на замуства яны яшчэ ня трацілі. У кроках ста ад школы прасторны пляц-выган досыць крута спускаўся да рэчкі Піны. За рэчкаю ляжалі неасяжныя прасторы балот. На гэтых прасторах рос густы і нязвычайна высокі чарот. Зарэчная балотная роўнядзь зьлівалася з небам і, здавалася, ня мела канца-краю.

Усе гэтыя малюнкі абегла мільгануліся перад вачамі настаўніка, але ня было калі спыніцца на іх з тэю ўвагаю, якую справядліва яны заслугоўвалі, бо возьнік спыніўся перад прасторным школьным ганкам.

Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзьбег на ганак. Дзьверы былі замкнёны, а на стук ніхто не азваўся, але вокны ў кватэры настаўніка былі раскрыты насьцеж. Заліты сонцам пакойчык выглядаў вельмі прыветна. Адтуль пахла сьвежаю пакраскаю. Пад вокнамі ляжалі кучкі друзу. Відаць, тут быў нядаўна рамонт і яшчэ не пасьпелі зрабіць парадку.

— Пастойце трошкі тут, — сказаў Лабановіч да возьніка, а сам пабег у двор, каб зайсьці ў школу другім ходам.

Каля дзьвярэй кухні стаяла замурзаная дзяўчынка гадкоў пяць і зьдзіўленымі вочкамі пазірала на незнаёмага чалавека. На дзьвярах кухні вісеў замок.

— А дзе твая маці? — запытаў дзяўчынку Лабановіч.

Дзяўчынка правяла па носе каравым рукавом.