было паляшуком, і ня надта ахвотна ўступалі ў размовы, што ня мелі беспасярэдніх адносін да іх уласных паляшуцкіх пэрсонаў, бо, па іх думцы, усё, што не зьяўляецца паляшуком, ёсьць басякі або проста жулікі.
— Скажэце, будзьце ласкавы, — зварачаўся настаўнік да некаторых сялян-паляшукоў: — ці ня ведаеце, дзе-б тут знайсьці каго з выганскіх.
Запытаны паляшук разважна падымаў вочы на настаўніка, аглядаў яго і адказваў не адразу. І з гэтага адказу часамі не выплывала ніякай пэўнасьці — буркне, каб адвязацца. Але, разгледзіўшы настаўніка і нешта разважыўшы, часамі гэты-ж паляшук, зноў спаткаўшы яго і даведаўшыся, што гэта настаўнік, даваў ужо болей падробныя спраўкі дзе спыняюцца выганаўцы, дзе іх можна знайсьці. Але аказалася, што сёньня іх тут зусім ня відаць было.
Патупаўшы па рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возьніка. Хоць заплаціць прыходзіцца дорага, затое-ж ехаць ён будзе выгодна.
Рэсорная павозка, мінуўшы брукаваныя траскія вуліцы, мякка пакацілася па гладкай пыльнай дарозе, дзе пападаліся часамі прыгожыя адзінокія ліпы і цэлыя купы разложыстых вязаў каля паселішчаў, параскіданых досыць густа ў бок ад дарогі. Лабановіч уважна прыглядаўся да ўсяго, што пападала ў поле яго зроку, стараючыся заўважыць кожную драбніцу, як-бы гэта мела для яго нейкае надзвычайна важнае значэньне. І гэтая мясьціна яму адразу спадабалася. Зямля навокал была добрая, раджайная, і народ, відаць, жыў тут заможна. А пагода была ціхая, ясная. Хоць дзень ужо зьмяняўся падвячоркам, але было яшчэ досыць горача. Неба, зьлёгка агорнутае танюсенькаю белаватаю павалокаю, як-бы шоўкаваю кудзелькаю, здавалася, ніжэй нахілілася над гэтымі паземамі, каб папесьціць іх пацалункамі сонечнага сьвятла.
Мінуўшы прыдарожны слуп з дзяржаўным гэрбам, і табліцаю, дзе значылася: вёска Выганы. Двароў 73 (прычым нейкі жартаўнік сьцёр літару „д“ у слове „двароў“). Мужчын 269, жанчын 284, возьнік спусьціўся з горкі і павярнуў направа: зараз-жа за Выганамі на шырокім пляцы