Поезд падыходзіў пад Пінск.
Яшчэ нябачаныя краявіды Пінскага Палесься, залітыя сьвятлом верасьнеўскага сонца, атуленыя тонкаю павалокаю сінечы, поўныя сваяасаблівага хараства, першабытнай дзікасьці, мяккасьці тонаў і нейкай адвечнай задумлёнасьці, вынікалі перад Лабановічам, захаплялі сваімі чарамі неасяжнымі прасторамі зямлі і гэтаю роўнядзьдзю паземаў, што зьліваюцца з небам ці хаваюцца за цёмна-сіняю стужкаю бясконца далёкіх лясоў. А на гэтай роўнядзі вынікалі палескія вёскі, дзе над стрэхамі будынкаў высока ўзьнімаліся вязы, ліпы і клёны, абсыпаныя золатам восені. Бліскучым срэбрам вывіваліся рэчкі ў нізкіх берагох, раскрываліся шырокія разлогі балотных нізін, заросшых дзікаю травою, аерам і чаротам. Па гэтых дрыгвяных балоцінах, дзе здавалася, і вады ня было, прапіхаліся з чаўнамі рыбакі-паляшукі ў сваёй самабытнай вопратцы і шырокаполых капялюшох. Мясцамі расьсьцілаліся цэлыя плошчы жоўтых пяскоў, ашлякованых кучаравымі маладымі хвойнікамі. Малюнкі борзда зьнікалі, замяняліся новымі, і ня было калі спыніцца на іх, бо поезд імчаўся вельмі шпарка, мінуўшы апошні разьезд перад Пінскам.
Пасажыраў у вагоне было нямнога, і Лабановіч пераходзіў ад аднаго акна да другога, каб разгледзіць гэтую мясцовасьць і хоць прыблізна адгадаць, дзе яго новая школа. У вагоне ён навёў спраўкі аб сваіх Выганах у тутэйшых людзей. Аказалася, што яго новае месца ў пяці вярстах ад Пінску, і гэта вельмі ўзрадавала маладога настаўніка. І яшчэ даведаўся ён, што воласьць ад школы зусім блізка. Яму тут