Было чагось шкода, як-бы нейкая страта напаткала яго. Думаў аб сваім новым месцы, складаў новы плян і свайго жыцьця і свае работы на новым месцы. Успаміналася Цельшына. Цяпер яно нейк адыходзіла ад яго, ахіналася мрокам, рабілася пустым і чужым, бо ня было там таго мілага вобразу, што даваў жыцьцё і радасьць. І гэты вобраз неадступна хадзіў з ім па лесе, адганяў іншыя думкі яго, змушаючы думаць аб сабе. І гэтыя словы Ядвісі „калі вы мяне пацалуеце, то, клянуся памяцьцю мацеры, я кінуся пад машыну“ ніяк не забываліся, і сама яна, як жывая, стаіць у яго ўвесь час перад вачамі.
На другі дзень на захадзе сонца запрог дзядзька Марцін чорнага коніка, якога празваў за жвавасьць „Ножыкам“, каб адвезьці пляменьніка на станцыю. Невялічкі чамадан быў загадзя зложаны, сабраны ў дарогу.
— На добры лад, дык і каня запрагаць ня варта было-б, — казаў Лабановіч, паважваючы ў руцэ чамадан.
— Навошта-ж, сынок, ты будзеш трапаць ногі? Не зьвярэдзіцца конь, гуляе цяпер.
Вылічыў Лабановіч грошы на дарогу, як заехаць, а рэшту рублёў сем аддаў мацеры.
— Прышлі-ж, сынок, ліст, заехаўшы, як ужо будзе табе паводзіцца там.
Пацалавала маці сына і сьлёзы выцерла.
— Ну, Якуб, бывай, брат, здаровы! На другую зіму к сабе забяру цябе. Добра?
— Добра, — кіўнуў галавою Якуб.
Маці стаяла на дварэ і праводзіла вачамі фурманку, што шыбавала ў бок лесу. Лабановіч азірнуўся, памахаў шапкаю мацеры і сёстрам, кіўнуўшы ім здалёк галавою. Яшчэ раз азірнуўся назад, як пад‘яжджалі к лесу. Мільгнуў хутарок з сваім алешнічкам, мільгнуў і схаваўся.