бяды… Я, хлопцы, вельмі задаволены, што мы спаткаліся і пагаварылі. Праўда, мы, як у лесе, ходзім вобмацкам, як сьляпыя. Мы павінны перш за ўсё шчыльней адзін аднаго трымацца, каб разам выбіцца на нейкую дарогу, павінны падганяць самі сябе, каб не заснуць і ня ўгразнуць у балоце. Я цьвёрда намерыўся тут астацца. Янка будзе маім блізкім суседам. Вось шкода толькі, што ты, Андрэй, забіўся ў гэтае Палесьсе.
— З вамі я чуюся весела і сьмела і пайду на што хочаце, — разышоўся Янка: — богу не паддамся і з цара гатоў карону лупіць… У мяне, браткі, і сны бываюць цікавыя. Я ўсё зьбіраюся запісаць іх у навучаньне патомкам.
— Ну, што-ж? Будзем пісаць пісьмы, дзяліцца сваімі думкамі і ня губляць адзін аднаго з вока, — перапыніў Янку Лабановіч.
— Дык давайце заключым трыумвірат! — крычаў Янка.
— Давайце!
І сябры з жарам паціснулі адзін аднаму рукі ў знак свайго саюзу.
На карце ў школе Лабановіч не знайшоў свайго новага месца. „Напэўна яшчэ большая глуш, як Цельшына“, думаў ён. Дасталі „Памятную кніжку Менскай губэрні“, дзе звычайна былі адзначаны ўсе ўстановы і школы. У кнізе значылася і Выганская школа, што трохі ўсьцешыла і запакоіла маладога настаўніка, але дакладнага адрасу ня было там. Аднаго толькі дазнаўся Лабановіч: ехаць трэба ў Пінск, а ўжо адтуль дабірацца да свае школы.
Напярэдадні ад‘езду пайшоў Лабановіч у лес, каб апошні раз абыйсьці свае грыбныя абходы і разьвітацца з імі.
У лесе было зусім ціха. Скрозь галінкі выносных хвоек прабіваліся цёплыя косы верасьнеўскага сонца. Пажоўклыя калюшкі бяз шуму ападалі на дол, чуць задзенеш галінку. Дзесь у небе закрычалі жураўлі, шыбуючы ў вырай. Лабановіч адчуваў нейкую мяккую журботу, навеяную і цішынёю лесу і гэтым заміраньнем жыцьця. І розныя думкі, лёгкія, бы гэтыя цені хваёвых галінак, журботныя, як і гэтае курлыканьне жураўлёў у небе, снаваліся ў яго сэрцы.