ў гэтым „выгнаньні“ чуваць сугучныя акорды яго сэрцу? Што выгнана з яго? Хто выгнаў?
Ён думаў і аб сваёй новай школе. І гэтая школа, і гэтыя Выганы, аб якіх ён ніколі раней ня чуў, уплятаюцца ў яго жыцьцё, прадстаўляюцца ў тых няясна-прывабных тонах-абрысах, што так прыгожы здалёк, але ніколі не супадаюць з рачаіснасьцю. І аднаго гэтага поэтычнага вобразу новага месца было мала. Пайшоў у Мікуцічы ў школу, каб знайсьці на карце свае Выганы, якія там ёсьць болей значныя пункты. Настаўнікі амаль усе разьехаліся, і ніхто ня дасьць яму спраўкі аб яго новай школе.
Зайшоў да Садовіча. Хацелася-ж з прыяцелем падзяліцца навіною. Садовіч таксама чакаў новага назначэньня. Нечакана спаткаў Лабановіч там і другога свайго таварыша па сэмінарыі, Янку Тукалу. Гэта быў замкнуты ў сабе юнак, круглагаловы, бялявы, з задраным трохі ўгору носам і шэрымі вачамі. У сэмінарыі ён стараніўся ад сваіх таварышоў і ўсё нешта думаў. Што займала яго мысьлі, ён нікому не гаварыў. У яго душы, відаць, адбываўся нейкі балючы процэс, і ён перажываў яго моўчкі, патаемна. Часамі ўдавалася яго разварушыць, і тады ён рабіўся вясёлым, жартлівым, здольным усіх захапіць сваімі жартамі, і сам сьмяяўся такім заразьлівым сьмехам, што нельга было не паддацца яму.
Выпадкам ён адкрыў у сабе адну ўласьцівасьць. Было гэта на другім курсе. Тукала заўсёды быў каротка астрыжаны. Валасы ў яго былі жорсткія, стаялі тырчком. Раз, кладучыся спаць, зьнімаў ён суконную кашулю. Шаргануўшы ёю па валасох, ён пачуў нейкі дзіўны трэск і зацікавіўся. Шаргануў яшчэ раз, зноў пачуўся той-жа трэск.
— Гэй, хлопцы, — гукнуў ён, накрыўшы галаву кашуляю: — ідзеце сюды — у мяне аказваецца не галава, а машына электрычная!
Вакол Янкі зьбілася чалавек з дваццаць сэмінарыстых. Затаіўшы дыханьне, слухалі трэск у яго валасох, калі па іх шоргала кашуля, а потым заліваліся дружным рогатам.
— Плацеце, пся маць ваша, грошы; — сьмяяўся і сам Янка, забаўляючы таварышоў.