— Гэта, братцы, варта таго, каб залатымі літарамі занесьці ў гісторыю нашага сяла, — азваўся прыяцель Лабады Ігнат Курган.
— Так, гэта — рэдкасць, — загулі галасы.
— Бо тут і ўкрасьці няма чаго, і гэтая мікуціцкая галота няздольна выгадаваць злодзея, — азваўся з свайго логава Іванок.
І ўсе засьмяяліся.
— Не, брат, стой! — з жарам выступіў Садовіч: — а Язэп Малюк…
— О ты чорт! — нібы напусьціўся на яго Курган: — абедню псуеш. Да і што Язэп? Ён тут ня жыве і тут ніводнага цьвічка ня ўкраў, і, такім парадкам, не парушае агульнай гармоніі чэснасьці нашага сяла.
— Праўда! — падхапілі настаўнікі.
Язэп Малюк паяўляўся ў Мікуцічах разы са два, а цяпер аб ім ніякіх чутак няма.
— Я вам раскажу пра Язэпа, — сказаў Курган: — як быў ён тут апошні раз, паехаў ён з нашымі мікуцічанамі ў Панямонь. А ён чалавек спрытны, адзеты на гарадзкі лад, манеры ў яго, як у пана.
— Чый-жа гэта такі? — дзівяцца людзі.
— А гэта наш — мікуціцкі, — адказваюць мікуцічане. Рады яны што іх чалавек такі спрытны. Аж праз некалькі хвілін злавілі Язэпа на кражы. Вядуць.
— Хто-ж гэта такі? Чый ён? — пытаюць людзі. Нашы мікуцічане адказваюць:
— А чорт яго ведае, чый ён там.
Калі гутарка скіравалася на сяло, то Лабановіч улучыў момант, каб перавесьці размову на грэблю.
— Ведаеце, хлопцы, што? Вот мы тут успамінаем усякія, праўда, вельмі цікавыя, драбніцы. А варта было-б грэблю наладзіць. Усім яна ў косьці ўелася, і ўсе адчуваюць, што грэблю трэба наладзіць, так наладзіць, каб яна перастала быць занозаю ў жыцьці сяла… Давайце паднімем народ на работу!
Ён хацеў сказаць болей, сказаць, што зрабіць добрую грэблю зусім няцяжка пры дружнай рабоце грамады, але