Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я буду пытацца ў гэтага валасатага асталопа!

— Пабойся бога, сынок! што ты гаворыш! Ён-жа служка божы.

— Не баюся я таго, чаго на сьвеце няма.

— Дух сьвяты з намі, матка найсьвеншая!

Маці хрысьціцца, узад падаецца, а Іванок нападае:

— А ты бачыла бога? дык скажы, які ён! да каго падобны: да каня ці да каровы?

Маці адступаецца ад сына і ціха шэпча „Айчэ наш“. Яна ня можа забыць гэты цяжкі грэх яго. Тайком моліцца за яго богу.

— Сынок, — кажа яму праз некаторы час: — пайдзі ў царкву, памаліся. На табе сараковачку, пастаў, сынок, сьвечачку ў царкве.

Гэтую саракоўку ён прапіў у адрынцы з сябрамі, а мацеры сказаў:

— Я табе, маці, потым пяць рублёў дам за тваю саракоўку, але цяпер я прапіў яе: лепей прапіць, як аддаць папу.

ХІ

Каля самага сяла, падмываючы вуліцы, цячэ Нёман. Разложыстыя, круглаверхія вербы, узьняўшы над вадою карэньне, абступаюць адхонны пяшчаны бераг. На Мікуціцкіх вуліцах — сыпучы пясок. Гразі тут амаль ня бывае ніколі, але калі падымецца вецер, то цэлыя воблакі стаяць у паветры.

Шумна і гучна ўлетку на беразе Нёмна. Зранку і да самага вечара галышамі качаюцца тут дзеці, то ў пяску, то ў вадзе. Сотнямі гукаў разносіцца над Нёмнам плясканьне пранікаў. Падаткнуўшы спадніцы і агаліўшы лыткі, выбіваюць палотны жанкі і дзяўчаты, беляць іх, расьсьцілаюць на беразе. У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І езьдзяць і ходзяць, і скаціну ганяюць уброд. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмна. Перайсьці-ж уброд летам — адна асалода. І калі ў мужчын ёсьць яшчэ сякі-такі клопат — падкасацца або скінуць нагавіцы, калі вада ў Нёмне набудзе, то жанчыны ў гэтых адносінах зусім шчасьлівы народ. Падымуцца на хаду, колькі трэба, і храбра рушацца ўброд, не зважаючы, ці ёсьць тут хто ці не, глядзяць на іх ці не глядзяць. Часамі-ж некаторыя