Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жанкі і дзяўчаты зьбіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак, а моладзь расходзіцца па сьвеце, каб выбіцца ў людзі і знайсьці сабе кусок хлеба і бацькоў падтрымаць. Выб‘ецца адзін, за ім цягнецца другі, памагаюць адзін другому. Чыгунка, тэлеграф, пошта, школы розных гатункаў, пачынаючы настаўніцкімі сэмінарыямі і канчаючы вышэйшай школаю, маюць сваіх прадстаўнікоў з Мікуціч. Такім парадкам, Мікуцічы маюць сваю інтэлігенцыю, пераважная большасьць якой прыходзіцца на настаўніцтва, і гэтая група яе найболей цесна зьвязвалася з сваім родным сялом.

Як толькі канчалася работа ў школах, настаўнікі зьяжджаліся на лета да сваіх бацькоў. Гэты зьезд увайшоў нейк у традыцыю, дый дома пражыць таней, можна было не чапаць пэнсіі за летнія месяцы, перабіцца на дамашнім хлебе і на бацькаўскім крупніку. У цяньку гумён і адрынак знаходзілі яны спакой душы і адпачынак целу. Хто гатаваўся ў настаўніцкія інстытуты, хто ўзбройваўся філёзофіяй жыцця, хто лавіў рыбу на ўлоньні прыроды, хто ўходжваўся каля гаспадаркі, памагаючы бацьком, а хто проста біў бібікі, але ў гарачы час сенакосу і жніва высыпалі яны на луг, на поле, і толькі ўжо самыя важныя і солідныя, прасякнутыя „панскім духам“, упарта сядзелі пад сваімі стрэхамі. А калі хто і выходзіў у крытычны момант вязаць ячмень, то ня іначай, як у пальчатках, даючы гэтым багатую страву для жартаў вясёлым мікуцічанам.

Вечарамі, калі спадала дзянная гарачыня, выходзілі настаўнікі халадком на шпацыр, хадзілі па вуліцах, а часамі зьбіраліся ў каго і ладзілі выпіўку. А некаторыя цішком наведваліся камор і сенечак, дзе мелі свае рэзыдэнцыі абраньніцы іх сэрца. Такія „абраньніцы“ называліся ў Мікуцічах „панскімі“ дзяўчатамі, і гэты парадак рэчаў быў тут законным і натуральным. Але трудна было ступіць крок па лініі каханьня, каб гэты крок ня стаўся вядомым назаўтра ўсім у Мікуцічах.

Сярод настаўніцтва былі свае групы, якія складаліся на грунце тых ці іншых інтарэсаў. Настаўнікі болей сталыя, што ўжо мелі пэўную жыцьцёвую практыку і пабылі