Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якіх стаіць сьвет. І гэтыя-ж ідэі праводзіў праз школу і ён, Лабановіч. Скуль-жа гэтая няўвязка „навукі“ і жыцьця?

Лабановіч прыпамінае слова „соцыялісты“. Ён першы раз чуў яго ў сэмінарыі ад аднаго таварыша з Навагрудчыны. Гаварылася яно ціха, шэптам, а самы-ж сэнс яго агортваўся нейкаю таямнічасьцю, не выклікаючы рэальнага значэньня. Гэта проста той прапашчы чалавек, які асьмельваецца нядобра думаць аб цару.

Так праходзілі першыя дні побыту дома. У гэтыя дні Лабановіч нікуды не хадзіў з дому, снаваў па дварэ, па полі, хадзіў у лес у свае знаёмыя абходы, дзе ў грыбныя часы так любіў зьбіраць грыбы, але цяпер іх яшчэ ня было. Хадзіў ён, хадзілі з ім і думкі яго, і яго мары, і ўспаміны. Спакой і цішыня лясная так хіляць да такога думаньня. І тут, у гэтай адзіноце-глушы, неадступна хадзіў з ім і вобраз панны Ядвісі, чысты, недасяжны і бясконца мілы і дарагі. І дзе яна цяпер? Ці ўспамінае яго? І чаму ўсё-ж такі нічога не напісала, не сказала яму, куды паедзе? Няўжо яна ня хоча знаць аб ім нічога? А можа там, у Хатовічах, у воласьці ёсьць пісьмо яму ад яе. Ён напіша пісьмо туды. Як добра, што такая думка прышла яму ў галаву. І ў сэрца прыходзіць надзея, што гэты ліст напэўна ёсьць там, а дома, прышоўшы з лесу, ён піша пісьмо да Дубейкі і просіць, каб усякая пошта перасылалася яму сюды. З гэтым лістом ідзе ён у Панямонь. Якраз і другую справу можна зрабіць — комэрцыю з Гэсалем. З Панямоньня вярнуўся ён значна павесялеўшым: і падвесяліў у значнай меры і сваіх родных, бо дваццаць рублёў грошы для іх не малыя.

Асталяваўшыся дома і знайшоўшы сабе работу, Лабановіч увайшоў у каляіну дамашняга жыцьця. Чытаў, аднаўляў у памяці навуку, набываў новую. Часамі падвячоркамі хадзіў у Мікуцічы, каб пабыць у кампаніі сваіх таварышоў, а летам іх тут ніколі не бракавала.

Мікуцічы — сяло вялікае, вядомае ва ўсёй акрузе. Стаіць на пяскох каля Нёмна. Народ тут бедны, малазямельны. Жыць з гаспадаркі трудна, і мікуцічане перабіваюцца заработкамі. Але гэтых заработкаў мала. Зімою возяць калоды. Вясною і летам ходзяць на сплаў — на згоны і на плыты.