— Нічога з іх ужо ня будзе, брат: пакалоліся, падлы, прыдзецца папілаваць на дровы.
Такі прысуд выносіў цяпер гэтым дубовым кавалка дзядзька Марцін і як-бы ў апраўданьне дадаў:
— Нам трэба было палажыць іх наўперад у гумно ды прыкрыць саломкаю, каб яны высыхалі павольненька тады і не пакалоліся-б.
Проект-жа пляменніка — падвезьці зямлі з алешніку на поле — дзядзька прызнаў вартым увагі — можа проста, каб не пакрыўдзіць „настаўніка“, але… тут знайшлося сваё „але“: папершае, на гэтую справу патрабуецца многа сілы, часу і працы. Ды гэта яшчэ нічога, можна было-б спрабаваць, а самая важная прычына, што перашкаджала такой рабоце, гэта тое, што зямля ня іх, а арандаваная, і невядома, што будзе далей з арэндаю, бо скарб хоча пусьціць гэтую зямлю на замену з канцамі сялянскіх шнуроў, што падходзяць або ўкліняюцца ў скарбовы лес, каб такою заменаю акругліць княжыцкія лясы.
— Жывеш вось так з дня на дзень і нічога пэўнага ня ведаеш. Можа яшчэ скажуць зносіць адгэтуль будынкі. Тады хоць вазьмі ды падпалі іх, а сам надзявай торбу ды ідзі жабраваць. Няма, брат, простаму чалавеку ні волі, ні разгону. Іх сіла і іх права. Служыў, служыў бацька ўвесь век, а памёр — сям‘я куды хочаш дзявайся… І калі ім, халерам, канец той будзе? І ці будзе? Пачалася-б вайна ці якое ліха, можа-б людзям палёгка ці ня была-б.
І жаліўся дзядзька Марцін, што ўсюды ўціск пачаўся. Куды ні кінься, усё ў панскія рукі пападзеш. Сьвет яны ўвесь загарадзілі, а за простага чалавека ніхто не заступіцца.
Цяжка было слухаць гэтыя жальбы, бо ў іх была голая і горкая праўда. І як пагадзіць гэта ўсё з тым, што ўбівалася ў іх голавы ў сэмінарыі? Вучылі-ж там, дзяўблі на кожным кроку, як апякуецца царскі ўрад, царскае начальства і сам цар аб народзе, як гэты народ любіць свайго бацьку-цара, як ён заўсёды знаходзіць у яго і ласку і міласьць. „Бог на небе, цар на зямлі“ — вось тыя кіты, на