Перайсці да зместу

Старонка:У глыбі Палесься (1927).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

самым. Адзін толькі Якуб быў з ім за панібрата: і знаёміў яго з кругам сваіх інтарэсаў, сваіх забавак чага жыцьця, забаўляючы яго сваім нясьціханым шчэбетам.

Першыя часы побыту дома хадзіў ён па полі, што яны арандавалі ад скарбу, аглядаў засевы збожжа. Ён радаваўся, калі бачыў шнуры добрай збажыны ці бульбы і не згаджаўся з тою ацэнкаю іх, што рабілася дома, бо і ў мацеры і ў дзядзькі Марціна, як здавалася яму, заўважалася нахіленьне зьніжаць сапраўдны стан рэчаў.

Недалёка ад хаты была тут нізкая балоціна, дзе расла дзікая трава. Карысьці з яе ня было амаль ніякай, бо ні да пашы, ні да сенакосу яна недавалася: трудна было туды даступіцца. Між полем і гэтаю балоцінаю рос густы алешнік, раскінуўшыся па купінах, дзе прыкідалася маліна і смародзіна. У цяні гэтага алешніку было вільготна. Чорная, як дзёгаць, гразь выглядала з-за высокага куп‘я.

„А што, каб гэтай гразі нацягаць на поле“, — думаў ходзячы тут, Лабановіч. Поле-ж было пустое: капарні нагою — і жоўтага пяску дастанеш. — „Трэба будзе параіцца з дзядзькам Марцінам“.

І ён пачаў меркаваць, як-бы можна было палепшыць зямлю. Сілы малавата, а перакапаць-бы зямлю на перавал ды навазіць у канаўкі гразі з алешніку, напэўна зямляў паправілася-б, і расло-б тут збожжа, як лес.

Яго мысьлі пайшлі далей у гэтым кірунку. Яго яшчэ невялікае жыцьцёвае дасьведчаньне казала яму аб нядбайнасьці людзкой, аб закаранеласьці форм людзкога жыцьця.

Вось хоць-бы і тутэйшы народ: бедны, ледзь-ледзь зводзіць канцы з канцамі, таўчэцца, кідаецца ў розныя бакі, шукаючы аддушыны, і мала хто знаходзіць яе. Зямлі мала, зямля нераджайная, голы пясок. Усе-ж лепшыя землі належаць да скарбу. Адчуваецца вострая патрэба ў зямлі, а народ множыцца. Чым-жа можна палепшыць яго дабрабыт? Каб людзі грамадою пасталі на работу, яны асушылі-б балоты, пазносілі-б пяскі з палёў, а балотны гной і яго раджайны грунт перанесьлі-б на пяшчанае поле — хваціла-б і хлеба, і сенакосу.